павечарэ́ць, ‑эе; безас. зак.
Наблізіцца да вечара; змеркнуцца. Як толькі павечарэла, Туравец даў загад адыходзіць. Мележ.
паве́шанне, ‑я, н.
Удушэнне пры дапамозе пятлі ад цяжару свайго цела. Смерць цераз павешанне.
паве́шаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад павесіць.
2. у знач. наз. паве́шаны, ‑ага, м.; паве́шаная, ‑ай, ж. Той, каго пакаралі смерцю цераз павешанне. Вецер, халодны асенні вецер пагойдваў целы павешаных і вяроўкі на трох шыбеніцах. Шамякін.
паве́шаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Разм. Павесіць усё, многае або ўсіх, многіх.
паве́яць 1, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак., што.
1. Звеяць, правеяць усё, многае. Павеяць увесь авёс.
2. і без дап. Веяць некаторы час. Павеяць да абеду зерне.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пачаць веяць; падзьмуць (пра вецер і пад.). Пад дзень пасеяў вецер, і сцяг горда калыхаўся над горадам. Якімовіч.
4. безас. чым. Абдаць павевам (цеплыні, паху і інш.). Пачынала цямнець. З лугу павеяла прыемнай свежасцю, але было цёпла і ціха. У паветры адчувалася мяккая парнасць. Дайліда. На водшыбе лугавым Павеяла дымам начлежным. Калачынскі. // перан. Перадавацца, распаўсюджвацца ад чаго‑н. Цішынёй і бязлюддзем павеяла ад гарадка, ахутанага асенняй смугой. Хадкевіч. Цеплынёй і ласкай павеяла ад гэтай простай дзявочай усмешкі. Дамашэвіч. Мы ўваходзім у прасторную залу. І адразу павеяла суровым подыхам першых дзён вайны. В. Вольскі. // Адчуцца (пра набліжэнне чаго‑н.). Павеяла вясной. Над борам праляцелі гусі на бераг родны свой. Пушча.
павіва́ны, ‑ая, ‑ае.
Абл. Перавіты трэцяй столкай. Повад быў са старога леташняга павіванага пастронка. Пташнікаў.
павіва́цца, ‑аецца; незак.
1. Пралягаць, ісці павіляста. Ідзе Сцёпка, дзе чыгункаю па шпалах, а дзе вузенькаю сцежкаю, што павіваецца па хібах насыпу побач чыгункі. Колас. Наперадзе ў лагчыне луг, а далей між зялёных кустоў павіваецца рэчка. С. Александровіч.
2. Расці павіваючыся, віцца. Хмель зялёны каля тыпу павіваўся. Ставер. Раскідаў разлапістае галлё волат-дуб, павіваліся нейкія невядомыя казачныя расліны. Даніленка. // Быць пакручастым. [Чалавек] быў без шапкі, мяккія валасы павіваліся дробнымі кудзерамі, дзюбаты насок не псаваў аліўкавага аблічча. Лужанін.
павіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да павіць (у 1 знач.).
паві́дла, ‑а, н.
Густая салодкая маса з працёртых ягад або фруктаў, звараных з цукрам. Памазаць павідла на хлеб.
павідне́ць, ‑ее; зак.
1. безас. Стаць відней, пасвятлець. Калі больш павіднела і туман парадзеў, стаў відаць супроцьлеглы бераг. Шамякін. Як быццам трохі павіднела — дрэвы ўжо так шчыльна не абступалі хлопца, некранута-чысты снег, здавалася, свяціўся сам па сабе. Шахавец.
2. Стаць відным, бачным. Павіднела ля лесу поле, за ракой парадзеў туман. Пташнікаў.