паадваёўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Адваяваць, завалодаць усім, многім або ўсімі, многімі. Паадваёўвалі свае землі.
паадвалака́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Разм. Адвалачы ўсё, многае або ўсіх, многіх. Паадвалакаць мяшкі. Паадвалакаць раненых.
паадва́львацца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.
1. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Адваліцца, адпасці ў многіх месцах, усюды. Тынкоўка паадвальвалася цэлымі лапінамі. Скрыган. — Вы ж падумайце: крані яе, — Сузан паказаў на хату, — вуглы паадвальваюцца і бярвенне ў парахню рассыплецца. Галавач.
2. Адкінуцца, адваліцца тулавам назад — пра ўсіх, многіх. Паадвальвацца на спінкі крэслаў.
паадва́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Адваліць усё. многае. Паадвальваць каменне.
паадваро́чвацца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.
Адвярнуцца, павярнуцца тварам у які‑н. бок — пра ўсіх, многіх. І Рыгор, і Зося, як апараныя, паўзнімаліся і барзджэй паадварочваліся ўбок... Гартны.
паадве́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Разм. Адвесіць усё, многае. Паадвешваць шторы. Паадвешваць вокны.
паадві́нчваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Адвінціць адно за другім усё, многае. Паадвінчваць гайкі.
паадвіса́ць, ‑ае; зак.
Разм. Адвіснуць — пра ўсё, многае. Кішэні паадвісалі. Скура паадвісала.
паадво́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.
Адвесці ўсіх, многіх або ўсё, многае. Паадводзіць дзяцей у школу. Паадводзіць кандыдатуры. □ Некалькі.. крыг сабралася ля самага насыпу шляху. Яўхім.. пабег туды, паадпіхваў, паадводзіў іх шастом на больш ходкую плынь і вярнуўся на месца. Ракітны.
паадво́зіць, ‑вожу, ‑возіш, ‑возіць; зак., каго-што.
Адвезці ўсіх, многіх або ўсё, многае. Паадвозіць людзей на станцыю. Паадвозіць рэчы.