Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

выпа́свацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да выпасвіцца.

2. Зал. да выпасваць (гл. выпасвіць у 1, 2 знач.).

выпа́сваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да выпасвіць.

вы́пасвіцца, ‑віцца; зак.

Адкарміцца на пашы.

вы́пасвіць, ‑су, ‑сеш, ‑се; заг. выпасі; зак., каго-што.

1. Адкарміць на пашы. Выпасвіць авечак.

2. Патравіць выпасам. Выпасвіць лужок.

3. Разм. Зарабіць пасьбою; запасвіць.

выпасны́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да выпасу. Выпасны ўчастак. Выпасны сезон. Выпасная загарадка.

вы́пасці, ‑паду, ‑падзеш, ‑падзе; заг. выпадзі; зак.

1. Вываліцца, упасці. Пісьмо выпала з кнігі. Люлька выпала з зубоў. Выпасці з воза.

2. перан. Знікнуць, страціцца; застацца незаўважаным. Яго прозвішча выпала з памяці. Выпасці з-пад увагі.

3. Упасці на зямлю (пра ападкі). Уначы выпала раса. □ Снег выпаў нечаканы, добры. Танк.

4. безас. Давесціся, здарыцца, дастацца на долю. Машы выпала дзяжурыць апошнія гадзіны. Шамякін. І вось тут выпала мне спаткацца з чалавекам, знаёмства з якім неяк перавярнула мае ранейшыя погляды. Навуменка.

5. Выдацца. Ураджайны выпаў год.

•••

Выпасці на долю чыю або каму — дастацца.

З вока выпасці — не ўбачыць, не заўважыць.

Як выпадзе — як удасца, як здарыцца.

вы́пат, ‑у, М ‑наце, м.

Вадкасць, якая прасочваецца на паверхню праз сценкі крывяносных сасудаў пры запаленні серозных абалонак і збіраецца ў якой‑н. унутранай воласці цела.

выпатрабава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. выпатрабаваць.

вы́патрабаваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад выпатрабаваць.

вы́патрабаваць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; зак., каго-што.

1. Патрабуючы, атрымаць, дамагчыся выдачы каго‑, чаго‑н. Выпатрабаваць даведку.

2. Прымусіць з’явіцца куды‑н. па выкліку. Выпатрабаваць сведак у суд.