Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падо́нне, ‑я, н., зб.

Тое, што і падонкі (у 2 знач.). [Бацька:] — Нічога ты [Стась] яшчэ не ведаеш. Тваё гора, што часта аціраешся сярод такога падоння. Губарэвіч.

падо́раны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падарыць.

падо́сак, ‑ска, м.

Вузкая жалезная паласа, урэзаная пад ніз восі драўляных калёс.

падо́ўгу, прысл.

На працягу доўгага часу, доўга. Цяпер бацька працаваў на камбайне і зноў падоўгу не бываў дома. Даніленка. Пачуўшы.. вясёлыя крыкі [дзяцей], Ленін прыходзіў на.. дарожку, садзіўся на лаўку і падоўгу глядзеў на забавы малых. Хомчанка.

падо́ўжанасць, ‑і, ж.

Уласцівасць падоўжанага (у 2 знач.). Падоўжанасць твару.

падо́ўжаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад падоўжыць.

2. у знач. прым. Які мае даўгаватую форму. Большасць азёр мае падоўжаную форму і быццам выцягнута з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход — у напрамку руху ледніка. Гавеман.

3. у знач. прым. Больш працяглы, доўгі. Група падоўжанага дня. // У граматыцы — вымаўлены працягла. Падоўжаныя гукі.

падо́ўжвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да падоўжыцца.

2. Зал. да падоўжваць.

падо́ўжваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падоўжыць.

падо́ўжны, ‑ая, ‑ае.

Які праходзіць у кірунку даўжыні або размешчаны па даўжыні чаго‑н.; проціл. папярочны. Падоўжны разрэз. □ Падоўжная сцяна з трыма вокнамі стаяла на поўдзень. Чорны.

•••

Падоўжная піла гл. піла.

падо́ўжыцца, ‑жыцца; зак.

1. Стаць, зрабіцца больш доўгім, даўжэйшым. Цень падоўжыўся. Хвост дыму падоўжыўся.

2. Стаць, зрабіцца больш працяглым, доўгім. Дзень падоўжыўся. Ночы падоўжыліся.