Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

называ́льны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да называння. Называльная функцыя слова.

называ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. называць — назваць.

называ́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Мець якое‑н. імя, прозвішча, якую‑н. назву. [Казановіч:] — Калі я не памыляюся, Чорным называецца толькі адно возера. Шашкоў. Сто гадоў прайшло, і блізка наша мэта, Да якое з барацьбою мы ішлі, Хутка будуць называцца — знаю гэта — Камуністамі ўсе людзі на зямлі. Куляшоў.

2. Разм. Узяць на сябе выкананне якіх‑н. абавязкаў, якой‑н. справы. — Хто закладае банк? — спытаў сядзелец. Звычайна ніхто першым не называўся. Колас.

3. у знач. пабочн. Зрабіць не так, як трэба, як хацелася б, як неабходна. Прыгледзеўшыся, жанчына здзіўлена ўскрыкнула, потым заплакала і выйшла з кухні. — Называецца, прывіталася! — спагадліва ўсміхнуўся Тэафіл. Самуйлёнак.

4. Незак. да назвацца.

5. Зал. да называць.

•••

Што называецца (у знач. пабочн.) — як кажуць, як прынята гаварыць. За сорак год валацужання з сякерай .. [дзед] вывучыў пушчу, што называецца, назубок. Брыль.

называ́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да назваць.

•••

Называць рэчы сваімі імёнамі — гаварыць прама, адкрыта аб кім‑, чым‑н.

назыўны́, ‑ая, ‑ое.

У выразах: назыўны сказ гл. сказ; назыўныя словы гл. слова.

назюзю́кацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. груб. Напіцца п’яным. — А каб табе ўжо язык адсох, — стала сароміць.. [кладаўшчыка] калгасніца. — Пляце, як п’яны. — А ты ўгадала. Ён жа, як бервяном, языком варочае, — засмяяліся ў канторы. — З самага ранку назюзюкаўся. Бялевіч.

назя́бнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

Разм. Многа, доўга пазябнуць.

наз’язджа́цца, ‑аецца; зак.

З’ехацца ў вялікай колькасці. Наз’язджалася гасцей з усіх валасцей. Прыказка.

наі́ўнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць наіўнага; прастадушнасць. [Камандзіры] гаварылі аб усіх гэтых рэчах проста, як аб лёгка перажытым, усміхаліся з .. наіўнасці маладых. Каваль. Густыя бровы, прычым левае з лёгкім заломам, надавалі твару адценне лёгкага здзіўлення і дзіцячай наіўнасці. Васілевіч.

наі́ўнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Праяўляць наіўнасць.