называцца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Мець якое‑н. імя, прозвішча, якую‑н. назву. [Казановіч:] — Калі я не памыляюся, Чорным называецца толькі адно возера. Шашкоў. Сто гадоў прайшло, і блізка наша мэта, Да якое з барацьбою мы ішлі, Хутка будуць называцца — знаю гэта — Камуністамі ўсе людзі на зямлі. Куляшоў.

2. Разм. Узяць на сябе выкананне якіх‑н. абавязкаў, якой‑н. справы. — Хто закладае банк? — спытаў сядзелец. Звычайна ніхто першым не называўся. Колас.

3. у знач. пабочн. Зрабіць не так, як трэба, як хацелася б, як неабходна. Прыгледзеўшыся, жанчына здзіўлена ўскрыкнула, потым заплакала і выйшла з кухні. — Называецца, прывіталася! — спагадліва ўсміхнуўся Тэафіл. Самуйлёнак.

4. Незак. да назвацца.

5. Зал. да называць.

•••

Што называецца (у знач. пабочн.) — як кажуць, як прынята гаварыць. За сорак год валацужання з сякерай .. [дзед] вывучыў пушчу, што называецца, назубок. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)