Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

памільга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Мільгаць некаторы час.

памі́ма, прыназ. з Р.

Разм. Спалучэнне з прыназоўнікам «паміма» выражае аб’ектныя адносіны: ужываецца для ўказання на прадмет або асобу, без ўдзелу якіх ці незалежна ад якіх што‑н. праходзіць, адбываецца; не прымаючы каго‑, што‑н. пад увагу. І раптам адчуў сябе Ігнась адрэзаным, асобным ад усяго, як бы ў другім свеце, на другой зямлі; усё стала як бы па-за яго істотаю: вось робіцца ўсё на свеце паміма яго, далёка ад яго. Чорны. Спачатку слова «наша» ішло неяк паміма яго думак, адскоквала ад сялянскага сэрца, як гарох ад сцяны — нешта нязвычнае, новае. Бядуля. І зноў цэлы рад вобразаў выплывае ў памяці паміма яго [Лабановіча] волі, і сэрца шчыміць болем утраты. Колас.

памі́н, ‑у, м.

Дзеянне паводле дзеясл. памінаць (у 2 знач.).

•••

Няма (і) ў паміне гл. няма.

паміна́льнік, ‑а, м.

Сшытак або кніжка са спісам для памінання ў царкве. // Разм. жарт. Наогул кніжка для запісаў чаго‑н. для памяці.

паміна́льніца, ‑ы, ж.

Тое, што і памінальнік.

паміна́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да памінання. Памінальны стол. Памінальны спіс.

паміна́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. памінаць (у 2, 3 знач.).

паміна́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да памінаць.

паміна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Разм. Успамінаць. [«Буржуй»:] — Вы ўжо старое не памінайце: што было, таго няма. Лынькоў. Па мястэчку — Гвардыян ведае — часта памінаюць яго імя. Зарэцкі.

2. Маліцца за ўпакой памёршых. Поп скорагаворкай памінаў імёны забітых. Мікуліч.

3. Спраўляць памінкі, удзельнічаць у памінках. Але гэты наш першы хлеб, Хлеб, з якім паміналі братоў, Сустракалі з няволі сясцёр... Не забудзецца век. Танк.

•••

Не памінай (не памінайце) ліхам — не ўспамінаць блага. [Ніна:] — Бывайце здаровы, не памінайце ліхам. Лобан.

Памінай як звалі — уцячы, збегчы, знікнуць бясследна. За восень у балота так наліло, што ў поцемках можна шуснуцца ў прорву — і памінай як звалі. Дуброўскі.

Памінаць (успамінаць) добрым словам — успамінаючы, добра адзывацца аб кім‑н.

памі́нкі, ‑нак; адз. няма.

Абрадавы абед у памяць памёршага пасля хаўтур або праз пэўны тэрмін са дня смерці. Заплаканая ўдава і сваякі запрашалі на памінкі. Самуйлёнак. — Пане Жукоўскі! — нечакана для самога сябе сказаў Андрэй. — У нас сёння памінкі па бацьку. Чарнышэвіч.