Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паквіта́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Разлічыцца з доўгам. // перан. Адпомсціць каму‑н. за што‑н. — Нічога сабе зямляк, — нарэшце азваўся Драздоў. — Здраднік!.. — Я паквітаюся з ім, — рашуча сказаў Галаўнёў. — Нікуды ён не дзенецца... Дудо. — Калі газета выступіць, тады ўжо капут Даміру. Здымуць, абавязкова здымуць, — і, відаць, не змогучы стрымаць сваёй радасці, [Дземідзенка] дадаў: — .. Цяпер мы з ім паквітаемся... Асіпенка.

пакга́уз, ‑а, м.

Склад для захоўвання грузаў пры чыгуначных станцыях, партах і пад. За металічнай станцыйнай агароджай справа віднеліся ў зеляніне садоў белыя маланкі, а злева ўсё засланяў доўгі чыгуначны пакгауз. С. Александровіч.

[Ням. Packhaus.]

пакга́узны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пакгауза. Пакгаузнае памяшканне.

паке́пліванне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пакепліваць.

паке́пліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., з каго-чаго.

Разм. Кпіць, насміхацца. Хлопцы сядзелі ў бытоўцы, курылі і пакеплівалі адзін з аднаго. Грахоўскі. Дзеці дражняць Сцёпку сцяблом-граблом, відаць, за доўгія ногі і часта з яго пакепліваюць. Хомчанка.

паке́т, ‑а, М ‑кеце, м.

1. Папяровы пакунак, скрутак з чым‑н. У Нявіднага за пазухаю даволі ёмкі пакет. У пакеце зложаны адозвы да сялянства. Колас. Энрыка прыносіў і клаў на стол па загаду «свайго шэфа» папкі фатаграфічных здымкаў і распалены кальян.. Тады тонкімі, зусім не мужчынскімі пальцамі афіцэр развязваў пакеты з фатаграфіямі і разглядаў іх, раскідаючы побач. Мікуліч.

2. Папяровы, поліэтыленавы і пад. мяшочак для прадуктаў. З вясёлым смехам і жартамі ўсе працягнулі рукі да пакета, бралі грушы, частаваліся. Дуброўскі.

3. Канверт з якой‑н. афіцыйна-дзелавой паперай. Сакрэты пакет. □ Камандзір палка перадаў мне пакет і загадаў адвезці яго ў штаб дывізіі. Хомчанка.

•••

Індывідуальны (перавязачны) пакет — спецыяльна ўпакаваная гатовая асептычная і антысептычная павязка для накладання на раны самім раненым або асобай, якая аказвае першую медыцынскую дапамогу.

[Фр. paquet.]

пакетбо́т, ‑а, М ‑боце, м.

Уст. Марское паштова-пасажырскае судна.

[Англ. packet-boot.]

паке́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пакета; звязаны з вырабам або выкарыстаннем пакетаў. Пакетная папера. Пакетны цэх.

паківа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Кіўнуцца некалькі разоў; ківацца на працягу нейкага часу. Мікалай Пятровіч сеў. Паспрабаваў паківацца — не скрыпіць. Устаў, падняў крэсла .., прыжмураным вокам агледзеў — добра зроблена! Нядзведскі. Галасок з таямнічай загадкавасцю паківаў пальцам, сам паківаўся, і яго тонкая, як жардзіна, постаць, здавалася, вось-вось пераломіцца ў поясе. Савіцкі.

2. Разм. Пайсці ківаючыся, перавальваючыся з нагі на нагу. Увішна тэпаючы трохкутнымі лапкамі па густой, нізка пагрызенай траве, .. сытыя качкі подбегам паківаліся на выган, да рэчкі. Брыль.

паківа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чым.

Кіўнуць некалькі разоў. Задумаўся дзед і сам сабе паківаў галавою — цікавыя бываюць на свеце праявы. Колас.

•••

Паківаць пальцам — пагразіць каму‑н.