Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пазаліва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Заліць, затапіць усё, многае. [Гораў:] — Што, шалее ў навальніцу Дняпро? [Іван:] — Рака з характарам.. Усе старыкі на пойме вадой пазалівае, унь той клін адрэжа. Караткевіч.

2. Абліць, запэцкаць якой‑н. вадкасцю ўсё, многае. Пазаліваць абрусы віном.

3. Затушыць вадой усё, многае. [Крывіцкі:] — Я трошкі заліў вадою збольшага, цяпер трэба пазаліваць гэтыя асмалкі. Лобан.

4. Пакрыць чым‑н. вадкім, здольным зацвярдзець — пра ўсё, многае. Пазаліваць дарогі гудронам.

пазалі́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Залізаць усё, многае. Пазалізваць раны. Пазалізваць валасы.

пазаліпа́ць, ‑ае; зак.

1. Заліпнуць, пакрыцца чым‑н. ліпкім — пра ўсё, многае.

2. Разм. Шчыльна прыстаць — пра ўсё, многае. Дзверы пазаліпалі.

па́залкі, ‑лак; адз. няма.

Разм. Мыльная вада, што засталася пасля мыцця бялізны. У пазалках памыў анучы.

пазало́та, ‑ы, ДМ ‑лоце, ж.

1. Слой золата або залацістай фарбы, якой пакрываюць паверхню чаго‑н. На плітах і на помніках надпісы. Некаторыя зараслі мохам, а некаторыя яшчэ блішчаць пазалотай. Галавач. // перан. Жоўтая, залацістая афарбоўка дрэў, кустоў увосень. Міма вокнаў вагона мільгаюць пералескі, злёгку кранутыя пазалотай восені. Шахавец.

2. Залацісты водсвет ад сонца, агню і г. д. Зайшло сонца, паклала пазалоту на неба, развесіла ружовыя ніткі ў паветры. Кудравец. Апошнія прамяні аблілі пазалотай верхавіны таполяў. Паслядовіч.

пазало́тнік і пазало́тчык, ‑а, м.

Спецыяліст па залачэнню.

пазало́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад пазалаціць.

2. у знач. прым. Пакрыты пазалотай. Бліснулі першыя промні сонца, зайчыкамі зайгралі на пазалочаным шпілі нейкага гарадскога будынка. Навуменка.

пазалу́пліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Разм.

1. Абадраўшы або надламаўшы, залупіць, загнуць кверху ўсё, многае. Пазалупліваць кару на дрэве.

2. Падняць уверх усё, многае.

пазаляга́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.

Залегчы, легчы за якое‑н. прыкрыццё — пра ўсіх, многіх. Пазалягаць у засадзе.

пазалята́ць, ‑ае; зак.

1. Заляцець, апынуцца дзе‑н. — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Птушкі пазаляталі далёка.

2. Уляцець куды‑н. — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Галубы пазаляталі ў двор.