Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падаражэ́ць, ‑эе; зак.

Стаць, зрабіцца больш дарагім, павысіцца ў цане. Мэбля падаражэла. □ Паступова вайна зазірала з вуліцы ў дамы, у сем’і, у жыццё чалавека, не мінаючы нікога. Мне, пакуль што, толькі падаражэлі прадукты. Гарэцкі.

пада́рак, ‑рка, м.

Тое, што і падарунак. [Настаўнік:] — Якая ты [Аленка] разумная і мілая! Вось табе падарак ад мяне. Колас.

падара́ць, ‑ару, ‑арэш, ‑арэ; ‑аром, ‑араце; зак., што і чаго.

Разм. Узараць дадаткова. Падараць яшчэ крыху поля.

пада́рачны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для падарка. Падарачны набор.

падарва́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падарваць.

падарва́цца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.

1. Загінуць, разбурыцца, пацярпець катастрофу ў выніку выбуху. На другі дзень у Выселках здарылася няшчасце: падарваўся на міне хлопчык. Шамякін.

2. перан. Зрабіцца горшым, аслабець. Здароўе падарвалася. // Захварэць ад цяжкай працы або ад падымання чаго‑н. цяжкага. — Па два [кашы] не цягай! — крыкнуў.. [Івану] Андрэй. — Падарвешся! Чарнышэвіч.

падарва́ць, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак., каго-што.

1. Знішчыць, разбурыць узрывам. Падарваць танк. Падарваць мост. □ Каб не здавацца ў рукі ворагу, «Вараг» падарвалі і падтрымалі славу рускага флоту. Колас.

2. перан. Нанесці шкоду, аслабіць, разладзіць. Падарваць аўтарытэт. □ Гераічная барацьба лепшых сыноў рабочага класа падарвала ўстоі самаўладства, устоі векавечнай цемры, няволі. Купала. // Разм. Сапсаваць сваё або чыё‑н. здароўе. [Асмалоўскі:] — Хоць бы пасаромеўся, што нябожчыцу-жонку падарваў на рабоце. Сіўцоў.

•••

Падарваць жывот (жываты) — тое, што і надарваць жывот (жываты) (гл. надарваць).

падаро́жжа, ‑а, н.

1. Паездка на чым‑н. або пешы паход (звычайна далёка ад таго месца, дзе жывеш). Падарожжа па моры. Кругасветнае падарожжа. □ Яшчэ з зімы рыхтавала.. [Ліда] вучняў да.. падарожжа па вобласці. Шамякін.

2. Літаратурны жанр. Сяргей кульгаў, ходзячы па пакоі, разглядаў падоўгу два тоўстыя тамы падарожжаў Пржэвальскага ў бліскучай .. вокладцы і хваліў камсамольцаў. Галавач.

падаро́жная, ‑ай, ж.

Гіст. Дакумент на права карыстання ў дарозе казённымі коньмі.

падаро́жнік 1, ‑а, м.

1. Чалавек, які падарожнічае, вандруе; вандроўнік. Шматлікія гарадскія ратушы, саборы, храмы, палацы вабяць падарожніка. Сачанка. Дапытлівых і смелых вабяць і клічуць дарогі! Адных чакаюць нязведаныя сцежкі падарожнікаў і даследчыкаў, другіх — паветраныя прасторы, трэціх — марскія шляхі. Шыловіч.

2. Той, хто знаходзіцца ў дарозе. Трапілі аднойчы ў тую вёску, дзе жыў Іванка Прастачок, тры старцы-падарожнікі. Куды ні зойдуць — усюды пуста, ні жывой душы: усіх паны на работу пагналі. Якімовіч. Хімка навучала сына Адася.., каб добра пільнаваў хату, — бо .. яны жылі канцавымі і шмат заходзіла падарожнікаў. Гурскі.

падаро́жнік 2, ‑у, м.

Тое, што і трыпутнік. Дарогі той нідзе не было.., было звычайнае поле, якое зарасло скрозь лапушыстым падарожнікам, рамонкам, сівым купчастыя палыном... Сачанка. Двор увесь зарос падарожнікам, густым, цёмным. Пташнікаў.