Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

назу́блівацца, ‑аецца, незак.

Зал. да назубліваць.

назу́бліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да назубіць.

назубо́к, прысл.

Разм. Вельмі добра, грунтоўна (вывучыць, ведаць і пад.). Усе вершы, якія былі ў падручніку, .. [Паўлюк] ведаў назубок. Хведаровіч. [Зампаліт:] — Брамцоў харошы брыгадзір. Тэхніку назубок ведае. Ракітны.

назусі́м, прысл.

Разм. Назаўсёды, зусім. Назусім прыйшоў я, а не ў госці. Кірэенка. [Дзядзька Раман:] — Вы, пане настаўніку, на ўсё лета едзеце да нас? — Так, на ўсё лета, а можа, і назусім. Колас. — Забегла яшчэ раз развітацца, — бадзёра сказала Таццяна. — Перад тым, як паехаць назусім. Васілёнак.

называ́льны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да называння. Называльная функцыя слова.

называ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. называць — назваць.

называ́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Мець якое‑н. імя, прозвішча, якую‑н. назву. [Казановіч:] — Калі я не памыляюся, Чорным называецца толькі адно возера. Шашкоў. Сто гадоў прайшло, і блізка наша мэта, Да якое з барацьбою мы ішлі, Хутка будуць называцца — знаю гэта — Камуністамі ўсе людзі на зямлі. Куляшоў.

2. Разм. Узяць на сябе выкананне якіх‑н. абавязкаў, якой‑н. справы. — Хто закладае банк? — спытаў сядзелец. Звычайна ніхто першым не называўся. Колас.

3. у знач. пабочн. Зрабіць не так, як трэба, як хацелася б, як неабходна. Прыгледзеўшыся, жанчына здзіўлена ўскрыкнула, потым заплакала і выйшла з кухні. — Называецца, прывіталася! — спагадліва ўсміхнуўся Тэафіл. Самуйлёнак.

4. Незак. да назвацца.

5. Зал. да называць.

•••

Што называецца (у знач. пабочн.) — як кажуць, як прынята гаварыць. За сорак год валацужання з сякерай .. [дзед] вывучыў пушчу, што называецца, назубок. Брыль.

называ́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да назваць.

•••

Называць рэчы сваімі імёнамі — гаварыць прама, адкрыта аб кім‑, чым‑н.

назыўны́, ‑ая, ‑ое.

У выразах: назыўны сказ гл. сказ; назыўныя словы гл. слова.

назюзю́кацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. груб. Напіцца п’яным. — А каб табе ўжо язык адсох, — стала сароміць.. [кладаўшчыка] калгасніца. — Пляце, як п’яны. — А ты ўгадала. Ён жа, як бервяном, языком варочае, — засмяяліся ў канторы. — З самага ранку назюзюкаўся. Бялевіч.