падні́звацца, ‑аецца; незак.
Зал. да паднізваць.
падні́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да паднізаць.
падніма́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да падняцца.
2. Зал. да паднімаць.
падніма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да падняць.
падно́жжа, ‑а, н.
1. Ніжняя частка або месца ля самага нізу таго, што высока ўзнімаецца ўверх. Падножжа дуба. □ Каля падножжа гары мы ўзялі лыжы на плечы. Шамякін.
2. Тое, што і п’едэстал. Падножжа.. [манумента] абкружана багатым кветнікам. Хадкевіч. Хлопцы і дзяўчаты ў нацыянальным адзенні ўскладаюць да падножжа абеліска вянкі і букеты кветак. В. Вольскі.
падно́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; ж.
1. Прыступка для ўваходу ў вагон, аўтамашыну і пад. Стоячы на падножцы вагона, брыгадзір пазірае ўздоўж саставу. Васілёнак. Маладыя, загарэлыя шафёры закурылі цыгаркі.. Узабраўшыся на падножку, зазірнулі ў кузаў, потым схаваліся ў кабінах. Асіпенка.
2. Удар нагой па назе або падстаноўка нагі пад нагу таго, хто ідзе ці бяжыць, каб паваліць яго. [Дзімка:] — Давай падужаемся.. — Ну што ж, давай, — кажа Вася і падступае бліжэй. — Накрыжкі? — Накрыжкі. Толькі без падножкі. Рунец.
падно́жны, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца пад нагамі. Зноў выбіваліся [мужчыны] на сцежку, зноў браліся воўчымі логавамі, прыгінаючыся і правальваючыся ў падножнай трухліне. Чорны.
•••
Падножны корм гл. корм.
падно́с, ‑у і ‑а, м.
1. ‑у. Дзеянне паводле знач. дзеясл. паднесці.
2. ‑а. Плоскі металічны, пластмасавы і пад. посуд, на якім пераносяць ежу. На падносе.. [Ніна] прынесла дзве бутэлькі віна, рыбныя кансервы, яблыкі. Шчарбатаў.
падно́сак, ‑ска, м.
Частка другой падэшвы ў абутку ад наска да палавіны ступні.
•••
На хаду падноскі адарваць гл. адарваць.
падно́сіць, ‑ношу, ‑носіш, ‑носіць.
Незак. да паднесці.