Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паднача́льванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. падначальваць.

паднача́львацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да падначаліцца.

2. Зал. да падначальваць.

паднача́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падначаліць.

падначо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падначаваць.

паднашэ́нне, ‑я, н.

Паднесеная рэч, падарунак. Паставілі [званары] карабы ў двары на ганку, і дзяк, як заўсёды, пачаў дзяліць паднашэнні. Лупсякоў. З кожным днём Радзішэўскі заўважаў, што ўсё менш і менш людзей наведвае «храм божы», змяншаюцца дары і паднашэнні. «Звязда».

падне́бны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і паднябесны. Шчаслівы, хто адвагу мае З паднебнай высі ўзяць разгон! Гаўрусёў.

падне́сены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад паднесці.

падне́сці, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. паднёс, ‑несла і ‑нясла, ‑несла і ‑нясло; заг. паднясі; зак., каго-што.

1. Узяўшы ў руку (у рукі), наблізіць да каго‑, чаго‑н. Шабанаў адчапіў ад пояса бінокль, паднёс яго да вачэй. Шыцік. Дрыготкімі пальцамі запаліла [Анісся] запалку, паднесла яе да груды кулявой саломы. Лынькоў. // Прынесці, даставіць куды‑н. Паднесці мяшкі з бульбай да воза. □ [Маці] ляжала на палку і ўвачавідкі сінела. Прасіла паднесці Нюрку, цалавала яе ў шчочкі і плакала. Жычка. // безас. Прыблізіць да чаго‑н. сілай руху і пад. Цячэннем паднесла лодку да берага.

2. Дапамагчы несці; несці некаторы час. Лёнька папрасіў: — Чыжык, міленькі! Дай мне паднесці твой мяшок. У цябе рука баліць. Няхай.

3. Пачаставаць (звычайна віном). Паднесці чарку на вяселлі. □ Аўтару паднеслі вялікі збан пітнога мёду. Мальдзіс.

4. Даць што‑н. у падарунак, падарыць. Маня паднесла свякрусе мультану на плацце, а свёкру корту на рубашку. Васілевіч. Пасля першай пастаноўкі прысутныя ў зале наладзілі.. [Янку Купалу] бурную авацыю, паднеслі залаты гадзіннік, дзякавалі яму ад усёй беларускай грамадскасці і засыпалі яго кветкамі. «Полымя».

•••

Паднесці дулю — тое, што і даць дулю (гл. даць).

Паднесці пілюлю — зрабіць што‑н. непрыемнае.

Чорт паднёс гл. чорт.

падні́заны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад паднізаць.

падніза́ць, ‑ніжу, ‑ніжаш, ‑ніжа; зак., што і чаго.

Нанізаць дадаткова, яшчэ крыху. Паднізаць пацерак. Паднізаць грыбоў на шнурок.