паднайма́нне, ‑я, н.
Найманне (памяшкання або іншай маёмасці) у асноўнага наймальніка; тое, што і субарэнда. // Найманне жылой плошчы ў асноўнага наймальніка.
паднале́гчы, ‑лягу, ‑ляжаш, ‑ляжа; пр. падналёг, ‑лягла і ‑легла, ‑лягло і ‑легла; заг. падналяж; зак.
Разм.
1. Налегчы, націснуць на што‑н. з большай сілай. Падналегчы на рычаг. □ Дзве каманды ваенных, ухапіўшыся за розныя канцы каната, стараліся перацягнуць адна адну.. Вось адна каманда падналегла і павольна пачала цягнуць другую да белай рысы. Хомчанка. Я падналёг на напіраўшых і прапусціў зялёны капялюшык да прылаўка. Нядзведскі.
2. перан. Шчыра ўзяцца за якую‑н. работу. Падналегчы на вучобу. □ Вострачы мянташкай касу,.. Васіль пусціў услед грабельнікам: — Сюды, бабкі, падналяжам разам. Васілевіч.
паднара́д, ‑а, М ‑радзе, м.
Спец. Падкладка ў абутку ад пад’ёму да наска. Падшыць паднарад пад перады. □ Белы паднарад халяў і шырокія кішэні галіфэ.. рабілі.. [Пашку] нязграбным, чымсьці падобным на маладога пеўніка... Паўлаў.
паднасі́цца, ‑носіцца; зак.
Разм. Крыху знасіцца. Цяпер.. [Марыя] была ў вайсковай форме, у той самай, якую некалі пакінула ў лесе разам з медыкаментамі. Паднасілася ўжо гэтая форма, даўно разышліся тыя медыкаменты. Кулакоўскі.
паднасі́ць, ‑нашу, ‑носіш, ‑носіць; зак., што.
Разм. Крыху знасіць. Паднасіць чаравікі. Падпасіць паліто.
паднату́жвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да паднатужыцца.
паднату́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да паднатужыць.
паднату́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.
Разм. Сабраўшы ўсе сілы, напружыцца. Міхась хуценька скокнуў у каляіну і, учапіўшыся ручаняткамі за ўздыблены канец жэрдкі, які тырчаў з зямлі, паднатужыўся і пацягнуў яе ўверх. Кавалёў. [Конік] паляжаў крыху, потым паднатужыўся і падняўся. Якімовіч.
паднату́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., што.
Натужыць, напнуць яшчэ крыху. Паднатужыць мускулы.
паднаўле́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. паднавіць.