Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пагубля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.

Згубіць усё, многае або ўсіх, многіх. На ўскраіне лесу пастух пасвіў каровы; аднагучна звінелі начэпленыя на шыях у кароў званкі, — гэта рабілася для таго, каб не пагубляць у лесе жывёлу. Гурскі.

пагугня́віць, ‑яўлю, ‑явіш, ‑явіць; зак.

Разм. Гугнявіць некаторы час.

пагудзе́ць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.

Тое, што і пагусці.

пагу́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Чутка, размова; вестка. Па вёсцы паўзла няпэўная пагудка пра.. паход з бомбай. Асіпенка. Увогуле,.. людская пагудка ўбірала забастовачныя падзеі ў фарбы гераічнасці. Гартны.

2. Напеў, мелодыя, песня. Я для нівы пагудку зайграю, Каб радзіла спарней дабрын[ю]. Купала.

пагука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

1. Паклікаць каго‑н. Пагукалі дзяцей у дом.

2. і без дап. Гукаць некаторы час. Пагукала ў дзверы тройчы, — Спаў багаты грозны дом... Броўка.

пагу́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Падаваць час ад часу якія‑н. гукі. За сялом, на станцыі, пагукваў паравоз. Гамолка.

2. Пакрыкваць час ад часу. Коням было цяжка, гаспадары плечукамі пхалі вазы, пацмоквалі, пагуквалі. Чорны. Пагукваюць хлопцы і падважваюць бервяно. Колас.

пагу́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Гуляць, не спяшаючыся; гуляць час ад часу. Пагульваць па вуліцы.

2. Забаўляцца гульнёй зрэдку або час ад часу. Цярэбіць вецер дзедаву бараду, касмыком сівых валасоў пагульвае. Колас.

пагультаява́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак.

Разм. Гультаяваць нейкі час.

пагуля́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Прагулка. Пайсці на пагулянку ў лес. □ Пад мастком быў зроблены шлюз, праз які час ад часу прапускалі плыты. Лабановіч потым часта хадзіў сюды на пагулянку. Колас. Дамоў Мікола вярнуўся стомлены, але задаволены сваёй пагулянкай. Краўчанка.

2. Вечарынка, гулянка. Наладзіць пагулянку. □ Калі хлопцы прыйшлі на пагулянку, моладзь ужо танцавала. Дуброўскі.

пагуля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.

Гуляць некаторы час. Пагуляць у лесе. Пагуляць на вяселлі. Пагуляць у шашкі.