Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

наско́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Скаціць адкуль‑н. або куды‑н. у вялікай колькасці. Наскочваць камення з гары. Наскочваць кучу бярвення.

наско́чыць, ‑скочу, ‑скочыш, ‑скочыць; зак.

1. З ходу, з разгону наткнуцца на каго‑, што‑н. Адна за адной загарэлася некалькі машын, два танкі наскочылі на міны. Мележ. — Не паспеў ты адысці ад нас, як жняярка наскочыла на камень. Кавалёў. // перан. Нечакана сустрэць каго‑, што‑н., натрапіць на каго‑, што‑н. Наскочыць на засаду. □ У любой вёсцы па гэты бок шашы можна было наскочыць на фашыстаў. Новікаў. У полі, за балотам, танкі наскочылі на варожую абарону. Шамякін.

2. Раптоўна накінуцца, напасці на каго‑н. [Палікар] адным махам наскочыў на фашыста і грукнуў яго вобземлю. Чорны. Жартачкі будуць дрэнныя, калі раз’юшаны звер наскочыць на чалавека. С. Александровіч.

3. Нечакана з’явіцца (прыехаць, прыйсці і пад.). Калі праз гадзіны дзве наскочылі сюды партызаны — Еўнічы дагаралі. Хадкевіч. Раздумваць доўга не было часу — маглі наскочыць з гарнізона. Шахавец. // перан. Раптоўна ўзнікнуць, пачацца і г. д. (пра вецер, мяцеліцу і пад.). Наскочыў мароз. □ З поўначы сівер наскочыў сухі. Купала.

4. Разм. Хутка надысці, настаць (пра час, пару года). За якіх тыдні паўтара пасля Пятра магло наскочыць жніво. Гартны.

•••

Наскочыла каса на камень гл. каса.

наскраба́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да наскрабаць.

наскраба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да наскрэбці.

наскро́зь, прысл.

1. Праз усю таўшчыню чаго‑н. Прарэзаць наскрозь. Прамокнуць наскрозь. □ Удары перуноў раз-поразу, здавалася, наскрозь прабівалі зямлю. Самуйлёнак. // Ад аднаго краю да другога, з канца ў канец. Прайсці лес наскрозь.

2. перан. Поўнасцю, цалкам. У гэту ноч туманы парк наскрозь Малочнымі заліт быў літарамі. Панчанка. Вось яны: землякі, беларускія людзі, Закаханыя ў працу, зямныя наскрозь. Звонак.

3. Разм. Без перапынку на працягу якога‑н. часу. І наскрозь — да відна, усю ноч Вартавога напружаны вочы, Бо гатова сцяжынка і корч Варушыцца, з гранатамі крочыць. Астрэйка.

•••

Бачыць наскрозь гл. бачыць.

наскру́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Скруціць пэўную колькасць чаго‑н. Наскручваць нітак. Наскручваць шруб.

наскрыля́ць, я́ю, ‑я́еш, ‑я́е; зак., чаго.

Абл. Нарэзаць скрылямі. А што там жаўцее? Памідоры? Паспелі ўжо? Што каракумскія дыні. Во дзе вітамінаў! А на смак! Каб наскрыляць ды са смятанай. Аношкін.

наскрэ́бвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да наскрэбваць.

наскрэ́бваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да наскрэбці.

наскрэ́бены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад наскрэбці.