Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паго́рыстасць, ‑і, ж.

Наяўнасць пагоркаў.

паго́рысты, ‑ая, ‑ае.

Пакрыты пагоркамі; няроўны. Млынкоўскае поле няроўнае, пагорыстае. Сачанка.

паго́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Уст. Могільнік. Не спускайце ж, забойцы, вачэй, А лічыце сваіх на пагостах. Танк.

паго́цаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Гоцаць некаторы час. Пагоцаць па пакоі.

паго́цкацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Гоцкацца некаторы час. Паўлік паспрабаваў пагоцкацца, але спіна вярблюда, на жаль, не мела спружын. Беразняк.

паго́цкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм.

1. каго-што. Гоцкаць, гушкаць некаторы час. Пагоцкаць дзіця на руках. □ Перш чым схаваць дзве залатыя пяцёркі, Гмыра яшчэ раз паглядзеў на іх, .. лёгенька пашараваў адно аб другую і пагоцкаў у руцэ. Колас.

2. Тое, што і пагоцаць.

паго́цквацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. Гоцкацца злёгку або час ад часу. Пасля шашы танк пагоцкваўся на калдобінах. Беразняк.

пагра́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., каго-што.

1. Аграбіць усё, многае.

2. і без дап. Грабіць некаторы час.

пагража́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўтрымлівае ў сабе пагрозу, выражае пагрозу. Пагражальны тон. □ Аляксей раптам спыняецца, энергічна робіць пагражальныя жэсты рукамі. Якімовіч. Пан Маслянка першы пачаў губляць цярпенне. Ад яго інтэлігентнасці мала што засталося, у голасе пачалі гучаць суровыя пагражальныя ноткі. Машара.

2. Які грозіць небяспекай; небяспечны. Пагражальны характар падзей. □ Наваліўшыся так раптоўна, хвароба не жадала хутка здавацца, і становішча дзяўчынкі было пагражальным. Васілевіч.

пагража́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Абяцаць зрабіць каму‑н. зло, непрыемнасці, выяўляць варожыя намеры, грозячы або пужаючы чым‑н. Пагражаць вайной. □ Дарэмна я пагражаў, што пайду на фронт самавольна, без дазволу. Мне «аўтарытэтна» заявілі, што мяне сілком вернуць з дарогі і нават будуць судзіць. Лупсякоў. Дзед Піліп Мурашка, прызначаны за вартаўніка гідрастанцыі, пагражаў .. [хлопцам] кіем. Шамякін. // Рабіць пагражальныя жэсты рукамі, прадметамі і пад. Пагражаць кулаком. Пагражаць аўтаматам.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.), каму-чаму. З’яўляцца пагрозай, ствараць пагрозу для каго‑, чаго‑н. Міша не ведаў, ні што такое гангрэна, ні што такое ампутацыя. Адно толькі зразумеў, што лейтэнанту пагражае нешта страшнае. Курто.

3. Утрымліваць, несці нейкую пагрозу. Рака пагражае разлівам. □ Здрадлівая дрыгва пагражала зацягнуць у сваю багну кожнага, хто аступіцца або зробіць неасцярожны крок. Колас.