падмацава́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. падмацаваць.
2. Разм. Тое, што падмацоўвае сілы, надае бадзёрасці. Шмат было і такіх [дзяцей], для каго.. кубак кавы і лустачка хлеба былі адзіным падмацаваннем. Брыль.
3. Воінская часць, атрад для падтрымкі другіх войск. — Перадайце ў штаб, каб далі падмацаванне,.. — крыкнуў маёр сувязному са штаба дывізіі. Няхай. / Пра групу людзей для падтрымкі, дапамогі каму‑н. — Адкуль з’явіліся гэтыя маладыя людзі? — працёршы акуляры, смяшліва ўтаропіўся Юрка на Люсю і Гошку. — Падмацаванне нам? Даніленка.
падмацава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад падмацаваць.
падмацава́цца, ‑цуюся, ‑цуешся, ‑чуецца; зак.
Паесці, выпіць чаго‑н., каб надаць сабе сілы. [Вартавы:] — Прымайце, хлопцы, паёк. Падмацуйцеся і спіце. Пянкрат. [Рыбак:] — Падмацуемся, калі пані старасціха частуе. Быкаў.
падмацава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак., каго-што.
1. Умацаваць для трываласці. [Люба Лук’янская] наняла чалавека, і ён падмацаваў столь, яна выбеліла сцены. Чорны.
2. Падтрымаць, узмацніць чым‑н. Падмацаваць гаспадарку тэхнікай. // Даць паесці, выпіць чаго‑н.; падкарміць. Падмацаваць сябе малаком. □ Двое калгаснікаў, пастаўленых даглядаць рагатую жывёлу, бралі са склепа буракі, каб падмацаваць дойных кароў. Колас.
3. перан. Павысіць значнасць чаго‑н. якімі‑н. доказамі; пацвердзіць. Падмацаваць думку фактамі. □ — Праўда, сынок, праўда — вось гэта рацыя! — махаючы галавою, падмацавала Петрусёвы словы Стэпа. Гартны. [Сакратар абкома] з асаблівым націскам вымавіў апошнюю фразу, падмацаваўшы яе рэзкім жэстам. Сіўцоў.
падмацо́ўванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. падмацоўваць.
падмацо́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да падмацавацца.
2. Зал. да падмацоўваць.
падмацо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да падмацаваць.
падмацу́нак, ‑нку, м.
Разм. Тое, што падмацоўвае сілы, надае бадзёрасці. Пасілкаваўшыся і расплаціўшыся за падмацунак, Андрэй павольна падыбаў у суд. Колас. [Піліп Антонавіч:] — Ты вось, кабеціна, наконт падмацунку паклапаціся, а то ж чалавек з дарогі, прагаладаўся, мусіць, а потым ужо разбяромся, чыя праўда. Ляўданскі. Гаспадыня ж за сталом нічога не гаварыла, але пасля снедання і абеду прыносіла нам у гумно падмацунак. С. Александровіч.
падмачы́цца, ‑мочыцца; зак.
Тое, што і падмокнуць.
падмачы́ць, ‑мачу, ‑мочыш, ‑мочыць; зак., каго-што.
Крыху, злёгку намачыць; даць падмокнуць. З тыдзень, можа, свякруха пашыла з ёю ў ладах, а потым не было таго дня, каб не грызла за што-небудзь: дождж падмочыць сена — нявестка вінавата, квахтуха рэшата скіне — зноў нявестка вінавата. Гроднеў.
•••
Падмачыць рэпутацыю — знізіць чый‑н. аўтарытэт, выставіць з нядобрага боку. І трэба прызнацца — Мікалай Мірлікійскі выставіў Мікіту таксама з нядобрага боку і што называецца падмачыў яго рэпутацыю сталага хлопца ў вачах затонскіх старадумаў. Колас.