пагла́джванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. пагладжваць.
пагла́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
Гладзіць злёгку або час ад часу. Пагладжваць бараду. □ Даяркі пагладжвалі кароў па вылінялых спінах. Асіпенка.
пагла́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.
1. Правесці злёгку далонню па чым‑н. Настаўнік палажыў руку на .. галоўку [дзяўчынкі], пагладзіў валасы. Колас. Мікуць дакрануўся рукою да халоднага металу, пагладзіў лапчастае шырокае кола. Чорны.
2. Пры дапамозе прэса зрабіць гладкім, роўным; адпрасаваць. Пагладзіць сукенку. Пагладзіць касцюм.
3. Выгладзіць, перагладзіць усё, многае. Пагладзіць усю бялізну.
4. і без дап. Гладзіць некаторы час. Пагладзіць дзве гадзіны.
пагладчэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.
Стаць, зрабіцца больш гладкім, гладчэйшым. Круглы Коўзікаў твар яшчэ больш пагладчэў. Аж ільсніўся. Паўлаў.
паглумі́цца, ‑глумлюся, ‑глумішся, ‑глуміцца; зак.
1. з каго-чаго, над кім-чым і без дап. Паздзекавацца, панасміхацца. Вот зажадалася каршуну беламу паглуміцца над дзяўчынай простай! Нікановіч. Хіба патрэбна [Ясю] такая бяднячка, як яна. Проста ён задумаў нешта благое, хоча паглуміцца з раскошы. Чарнышэвіч.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Папсавацца — пра ўсё, многае.
паглумі́ць, ‑глумлю, ‑глуміш, ‑глуміць; зак., каго-што.
Разм. Сапсаваць, зглуміць што‑н. [Трактарыст:] — То мо трэба было пачакаць? А то парэзалі, паглумілі поплаў... Місько. — А нашто ты [каваль] плугі паглуміў? — выразна прагуў голас. Чорны. Паглумілі маладую віку коні, уцякаючы да сёл. Вялюгін.
паглу́хнуць, ‑нем, ‑неце, ‑нуць; зак.
Разм. Аглухнуць — пра ўсіх, многіх. — Ці яны там усе паглухлі, ці павыміралі, — са злосцю паведаміў мне Шаевіч. Сабаленка.
паглушы́ць, ‑глушу, ‑глушыш, ‑глушыць; зак., каго-што.
1. Аглушыць усіх, многіх. Мабыць, бомбы падалі на паўднёвай ўскраіне горада, але выбухі як бы паглушылі, абязвечылі ўсіх нас. Сабаленка.
2. Разм. Ударам, выбухам ашаламіць, прывесці ў стан здранцвеласці ўсіх, многіх. Паглушыць усю рыбу.
3. Разм. Перабіць, знішчыць усіх, многіх або ўсё, многае. [Захар:] — Я вас яшчэ з Дона ведаю... дзенікінцаў... Паглушылі мы вас там, паглушым і тут... Пестрак.
паглушэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.
Стаць, зрабіцца больш глухім (у 1–3 знач.). На хвіліну здалося, што наступіла цішыня, што ўсё замерла, і нібы стукат тракаў паглушэў. Мележ. Неўзаметку арэшнік скончыўся, і хлапчук апынуўся ў густым маладым ельніку. Тут дарога паглушэла яшчэ больш. Вышынскі.
паглыбе́ць, ‑ее; зак.
Стаць, зрабіцца глыбейшым. Рака паглыбела. Разыходжанні паглыбелі. □ Неба над горадам ачысцілася, пацямнела, паглыбела. Галавач. Густыя, пасівелыя бровы.. [Антанюка] сышліся над пераносіцай, паглыбелі зморшчынкі пад вачамі і каля рота. Шамякін.