пала́ючы,
1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад палаць.
2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які гарыць яркім полымем. Сярод гушчарніку пушчы, каля палаючага вогнішча, разляглася ўся каманда паўстанцаў. Нікановіч. Хлапец завіхаўся з жалезнай лапатай, падкідваў у палаючую топку вугаль, шураваў каласнікі і ўсё ўсміхаўся. Лынькоў. У памяці Гудовіча выразна паўстаў палаючы Мінск, прывакзальная плошча, на якой яго ўпершыню застала бамбёжка... Пятніцкі.
3. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які пачырванеў ад прыліву крыві. Палаючы твар.
4. ‑ая, ‑ае; перан.; у знач. прым. Які выражае якое‑н. моцнае пачуццё (пра вочы, погляд). Маўчаў і Валодзя. Маўчанне і палаючыя вочы яго лепш за ўсякія словы казалі, што ён не будзе сядзець склаўшы рукі. «Звязда».
5. Дзеепрысл. незак. ад палаць.
пала́яцца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Пасварыцца з кім‑н. У мяне выспявала жаданне палаяцца і з Нінай, і з Журко, і з усім светам. Савіцкі. [Даўэр] паспеў палаяцца ўжо з камандзірам інжынернай часці, які назваў Даўэра вар’ятам за яго псіхалагічныя эксперыменты. Шахавец.
2. Лаяцца некаторы час. Палаяўшыся з паўгадзіны каля студні, [жанчыны] разышліся: адна пайшла ў адзін канец вуліцы, другая — у другі. Колас.
пала́яць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Лаяць на працягу некаторага часу. Ну і сварак жа было, ну і палаялі ж .. мяне [жанчыны]. Галавач. — Ну, я на .. [зяця] крыху пасваруся, крыху палаю. Васілевіч.
2. Аблаяць каго‑н. — Калі варта, дык і палаяць не пашкодзіць, — нецярпліва адмахнулася ад мужа рукою Вера Васільеўна. Паслядовіч.
палга́ць, ‑лгу, ‑лжэш, ‑лжэ; ‑лжом, ‑лжаце; зак.
Ілгаць некаторы час; пахлусіць.
палеа...,
Першая састаўная частка складаных слоў са значэннем: 1) які мае адносіны да старадаўнасці; старадаўні, напрыклад: палеаген; 2) які мае адносіны да вывучэння глыбокай старадаўнасці, напрыклад: палеабатаніка, палеаграфія.
[Грэч. palaios — старажытны.]
палеаазія́ты, ‑аў; (адз. палеаазіят, ‑а, М ‑яце, м.).
Умоўная назва некалькіх розных па паходжанню і мове малых народаў Паўночнай і Паўночна-Усходняй Сібіры.
[Ад грэч. palaios — старажытны і слова азіяты.]
палеаазія́цкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да палеаазіятаў. Палеаазіяцкія мовы.
палеаантрапалагі́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да палеаантрапалогіі.
палеаантрапало́гія, ‑і, ж.
Раздзел антрапалогіі, які вывучае фізічны тып і эвалюцыю выкапнёвага чалавека.
[Ад грэч. palaios — старажытны, anthrōpos — чалавек і logia — вучэнне.]
палеаантрапо́лаг, ‑а, м.
Спецыяліст па палеаантрапалогіі.