Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нату́заць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Тузаючы, ушчуць, пакараць. Натузаць хлапчука за валасы.

2. Разм. Натрудзіць цяжкай працай, звязанай з рэзкімі рухамі. Натузаць рукі. □ Награблася, натузала плечы. Палажыла галоўку на сене. Гурло.

нату́пацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Стаміцца ад працяглай хады; нахадзіцца. [Дубіна:] — Што ты, брат, нешта сам не свой? [Яворскі:] — А нічога. Проста трохі не даспаў, трохі натупаўся за дзень. Колас. [Віктар:] «Сядайце, таварыш камбат! Натупаліся, навошта яшчэ дарма ногі біць...» Ракітны.

нату́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Нарабіць слядоў мокрымі, гразкімі нагамі; наслядзіць.

нату́ра, ‑ы, ж.

1. Характар, тэмперамент чалавека. У атрадзе Цыганка любілі. У суровых умовах жыцця вельмі да спадобы прыйшлася ўсім яго вясёлая натура. Шчарбатаў. Васіль быў натуры падатлівай і са старэйшымі трымаў сябе заўсёды пакорліва і паслухмяна. Пальчэўскі. / Пра чалавека наогул. [У адрозненне ад Марыны] .. Ядвіся была натура больш мнагалучная, больш жывая. Колас. // Разм. Чалавечы арганізм, яго асаблівасці. [Вусаты:] — Калі ты будзеш мець такую натуру, што здолееш, заснуць за тры гадзіны да смерці, дык і ніякае смерці тады не будзе. Чорны. [Гунава:] — Калі ў вас такая далікатная натура, не варта было апранаць ваенны мундзір. Самуйлёнак.

2. Рэчаіснасць, рэальнае існаванне чаго‑н. [Караневіч:] Я люблю народную песню ў натуры. Крапіва.

3. Жывыя істоты, з’явы і прадметы рэальнага свету, з якіх малююць, робяць здымкі і пад. [Рамір:] — Я не хачу быць падобны на сотні тых, хто дасканала навучыўся капіраваць натуру. Асіпенка. Вось ён — мой першы альбом. Я завёў яго два гады таму назад, скончыўшы сямігодку. Рысую найбольш партрэты, алоўкам, з натуры. Брыль. // Той, хто пазіруе перад мастаком. Выглядам і адзежай .. [падлеткі] маглі служыць выдатнай натурай мастаку. Васілевіч. // Прыродныя абставіны, месца па-за павільёнам, дзе адбываецца кіназдымка.

4. Тавары, прадукты як сродак аплаты замест грошай. Плаціць натурай. □ За пагрузку вагонаў станцыйнае начальства атрымлівала звычайна ад уласніка завода аплату за паслугі — ці то граш[а]мі, ці то натурай — спірытусам. Шынклер.

5. Уст. Прырода. Стварыла натура той горад дзівос, завуць яго людзі — Пачэцкі ўцёс. Дубоўка.

•••

Другая натура — адна з істотных індывідуальных рыс, асаблівасцей, схільнасцей чалавека.

Шырокая натура — пра шчодрага адкрытага чалавека.

[Лац. natura.]

натуралізава́цца, ‑зуюся, ‑зуешся, ‑зуецца; зак. і незак.

Прыняць (прынімаць) грамадзянства або падданства чужой краіны.

натуралізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак.

Даць (даваць) правы грамадзянства або падданства чужаземцу.

натураліза́цыя, ‑і, ж.

Прыняцце іншаземцаў і асоб без грамадзянства ў грамадзянства або падданства пэўнай дзяржавы.

[Ад лац. naturalis — прыродны.]

натуралі́зм, ‑у, м.

1. У філасофіі — тэорыя, адпаведна якой прырода выступае як адзіны, універсальны прынцып тлумачэння існага.

2. Напрамак у літаратуры і мастацтве, які характарызуецца імкненнем да знешне дакладнага капіравання рэчаіснасці без мастацкіх абагульненняў, ідэйнай ацэнкі таго, што адлюстроўваецца.

3. Першапачатковая назва рэалістычнага напрамку ў рускай літаратуры; натуральная школа.

натуралі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

1. Той, хто вывучае, даследуе прыроду. Юны натураліст.

2. Паслядоўнік натуралізму.

натуралісты́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць натуралістычнага.