нату́ра, ‑ы, ж.

1. Характар, тэмперамент чалавека. У атрадзе Цыганка любілі. У суровых умовах жыцця вельмі да спадобы прыйшлася ўсім яго вясёлая натура. Шчарбатаў. Васіль быў натуры падатлівай і са старэйшымі трымаў сябе заўсёды пакорліва і паслухмяна. Пальчэўскі. / Пра чалавека наогул. [У адрозненне ад Марыны] .. Ядвіся была натура больш мнагалучная, больш жывая. Колас. // Разм. Чалавечы арганізм, яго асаблівасці. [Вусаты:] — Калі ты будзеш мець такую натуру, што здолееш, заснуць за тры гадзіны да смерці, дык і ніякае смерці тады не будзе. Чорны. [Гунава:] — Калі ў вас такая далікатная натура, не варта было апранаць ваенны мундзір. Самуйлёнак.

2. Рэчаіснасць, рэальнае існаванне чаго‑н. [Караневіч:] Я люблю народную песню ў натуры. Крапіва.

3. Жывыя істоты, з’явы і прадметы рэальнага свету, з якіх малююць, робяць здымкі і пад. [Рамір:] — Я не хачу быць падобны на сотні тых, хто дасканала навучыўся капіраваць натуру. Асіпенка. Вось ён — мой першы альбом. Я завёў яго два гады таму назад, скончыўшы сямігодку. Рысую найбольш партрэты, алоўкам, з натуры. Брыль. // Той, хто пазіруе перад мастаком. Выглядам і адзежай .. [падлеткі] маглі служыць выдатнай натурай мастаку. Васілевіч. // Прыродныя абставіны, месца па-за павільёнам, дзе адбываецца кіназдымка.

4. Тавары, прадукты як сродак аплаты замест грошай. Плаціць натурай. □ За пагрузку вагонаў станцыйнае начальства атрымлівала звычайна ад уласніка завода аплату за паслугі — ці то граш[а]мі, ці то натурай — спірытусам. Шынклер.

5. Уст. Прырода. Стварыла натура той горад дзівос, завуць яго людзі — Пачэцкі ўцёс. Дубоўка.

•••

Другая натура — адна з істотных індывідуальных рыс, асаблівасцей, схільнасцей чалавека.

Шырокая натура — пра шчодрага адкрытага чалавека.

[Лац. natura.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)