Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вы́трываць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. што. Цярпліва, стойка перанесці што‑н.; выцерпець. Вытрываць боль. □ Раба састарэў у касмічных падарожжах. Ці хопіць у яго сілы, каб вытрываць дадатковыя дзесяць гадоў? Шыцік.

2. без дап. (звычайна з адмоўем). Праявіць вытрымку, стрыманасць; сцярпець. [Ладынін] рэдка злаваўся, але тут не вытрываў. Шамякін. Палкоўнік у адстаўцы, ведаючы лад у вайсковай справе, не вытрываў і ўмяшаўся ў размову. Грамовіч.

вы́трыманасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць вытрыманага (у 2, 4 знач.). Вытрыманасць характару.

2. Уменне валодаць сабою, вытрымка. Злаваць чыноўнік пачынае, Што дзядзька вытрыманасць мае. Колас.

вы́трыманы, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад вытрымаць.

2. у знач. прым. Строга паслядоўны, устойлівы. Вытрыманы стыль дэкарацый.

3. у знач. прым. Які ўмее валодаць сабою. Болей за ўсіх вытрыманым і спакойным аказаўся Нічыпар Янкавец. Колас.

4. у знач. прым. Даведзены да пэўнага гатунку працяглым захоўваннем. Вытрыманы сыр, каньяк.

вы́трымаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. што. Не паддацца ўздзеянню цяжару, ціску і пад.; устаяць. Плаціна вытрымала напор паводкі. □ [Сотнікаў] стаіўся, каб не хлюпаць па вушы ў багне, трымаючыся рукой за тоненькую лазовую галінку, і думаў: вытрымае галінка ці не. Быкаў.

2. перан.; што. Стойка перанесці што‑н.; выцерпець. Вытрымаць суровае выпрабаванне. □ Усю гэтую навалу вытрымала, выстаяла і перамагла непахісная воля народа. Паслядовіч.

3. перан.; без дап. Праявіць вытрымку, стрымацца; выцерпець. [Паляшук:] — Дармо што .. [дзеду] цяпер семдзесят год, а як забушуе часам у хаце Раман, яго сын, стараста наш, то стары, бывае, не вытрымае, возьме яго на рукі, як хлапчанё, і зараз жа ўціхамірыць, хоць Раман і не ўломак. Колас.

4. перан.; што. Не ўступіць, праявіць цвёрдасць. Вытрымаць сваю ролю да канца.

5. што. Выявіць сваю падрыхтоўку, годнасць у працэсе праверкі. Вытрымаць прыёмныя экзамены. Вытрымаць конкурс. □ Хлопцы вучыліся добра. Закончылі.. двухкласную школу, вытрымалі экзамен на настаўнікаў. Машара.

6. каго. Пратрымаць на працягу вызначанага часу. Вытрымаць хворага дома. // што. Давесці да пэўнага гатунку працяглым захоўваннем у адпаведных умовах; даць выстаяцца, вылежацца. Вытрымаць віно.

•••

Вытрымаць паўзу — пачакаць, памаўчаць пэўны час.

Вытрымаць характар — праявіць стойкасць.

вы́трымка, ‑і, ДМ ‑мцы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. вытрымліваць — вытрымаць (у 6 знач.).

2. Уменне валодаць сабой; стойкасць, цярплівасць. Страціўшы адразу вытрымку, Вера Антонаўна ўсхліпнула і заківала галавою. Карпаў. Рашучасць і валявая вытрымка заўсёды былі спадарожнікамі гераізму. Кулакоўскі.

3. Р мн. ‑мак. Невялікі ўрывак, цытата з якога‑н. тэксту. Вытрымкі з рамана, з даклада.

4. Час, на працягу якога аб’ектыў фота‑, кінаапаратаў застаецца адкрытым у працэсе здымкі.

вытры́мліванне, ‑я, н.

Дзеянне і стан паводле дзеясл. вытрымліваць — вытрымаць (у 1, 2, 5 і 6 знач.).

вытры́млівацца, ‑аецца; незак.

Зал. да вытрымліваць (гл. вытрымаць у 2, 5 і 6 знач.).

вытры́мліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да вытрымаць.

•••

Вытрымліваць марку — тое, што і трымаць марку (гл. трымаць).

Не вытрымліваць (ніякай) крытыкі — быць нікуды не вартым.

вытрэ́сванне, ‑я, м.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. вытрэсваць — вытрасці.

вытрэ́свацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да вытрасціся.

2. Зал. да вытрэсваць.