вытрымаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. што. Не паддацца ўздзеянню цяжару, ціску і пад.; устаяць. Плаціна вытрымала напор паводкі. ▪ [Сотнікаў] стаіўся, каб не хлюпаць па вушы ў багне, трымаючыся рукой за тоненькую лазовую галінку, і думаў: вытрымае галінка ці не. Быкаў.

2. перан.; што. Стойка перанесці што‑н.; выцерпець. Вытрымаць суровае выпрабаванне. ▪ Усю гэтую навалу вытрымала, выстаяла і перамагла непахісная воля народа. Паслядовіч.

3. перан.; без дап. Праявіць вытрымку, стрымацца; выцерпець. [Паляшук:] — Дармо што .. [дзеду] цяпер семдзесят год, а як забушуе часам у хаце Раман, яго сын, стараста наш, то стары, бывае, не вытрымае, возьме яго на рукі, як хлапчанё, і зараз жа ўціхамірыць, хоць Раман і не ўломак. Колас.

4. перан.; што. Не ўступіць, праявіць цвёрдасць. Вытрымаць сваю ролю да канца.

5. што. Выявіць сваю падрыхтоўку, годнасць у працэсе праверкі. Вытрымаць прыёмныя экзамены. Вытрымаць конкурс. ▪ Хлопцы вучыліся добра. Закончылі.. двухкласную школу, вытрымалі экзамен на настаўнікаў. Машара.

6. каго. Пратрымаць на працягу вызначанага часу. Вытрымаць хворага дома. // што. Давесці да пэўнага гатунку працяглым захоўваннем у адпаведных умовах; даць выстаяцца, вылежацца. Вытрымаць віно.

•••

Вытрымаць паўзу — пачакаць, памаўчаць пэўны час.

Вытрымаць характар — праявіць стойкасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)