Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падлята́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падляцець.

падляце́ць, ‑лячу, ‑ляціш, ‑ляціць; зак.

1. Летучы, наблізіцца да каго‑, чаго‑н. Самалёты падляцелі да аэрадрома. □ Раптам да першай птушкі падляцела другая, не такая чырвоная. Ляўданскі. // Заляцець пад што‑н. Верабей падляцеў пад страху.

2. перан. Разм. Хутка наблізіцца (падбегчы, пад’ехаць і пад.). Дзяўчына неўзабаве подбегам падляцела да машын, асцярожна .. уселася на пярэднім сядзенні і тады стрымана павіталася. Кулакоўскі. Да перона, нібы віхор, падляцела электрычка. Васілёнак.

3. Узняцца, узляцець уверх і апусціцца. Жуха аказалася нейкая знясіленая, бо крыху падляціць і сядзе. Пестрак.

падлячы́цца, ‑лячуся, ‑лечышся, ‑лечыцца; зак.

Разм. Палячыцца, крыху паправіць сваё здароўе. Пакуль падлячыўся [Бондар], стаў на ногі, вайна грымела ўжо за Смаленскам. Навуменка. Крыху падлячыўся [Ваня], а пасля яго адпусцілі далечвацца дамоў. Новікаў.

падлячы́ць, ‑лячу, ‑лечыш, ‑лечыць; зак., каго-што.

Разм. Палячыць крыху, не вылечыць канчаткова. [Хлопец:] — Калі адступалі, мяне ранілі ў нагу, і я астаўся. Сяляне мне дасталі доктара, ён мяне падлячыў. Чорны.

падмага́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падмагчы.

падмагчы́, ‑магу, ‑можаш, ‑можа; пр. падмог, ‑ла, ‑ло; заг. падмажы; зак.

Разм. Трохі памагчы. — Не журыся, — працягнуў Сінічкін, пазяхаючы, — неяк будзе. Мы падможам. Пестрак. Сваце, сваце мой, падмажы, Хвартушок мне падвяжы. Дзяргай.

падма́заны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падмазаць.

падма́зацца, ‑мажуся, ‑мажашся, ‑мажацца; зак.

Разм.

1. Падфарбаваць, падмазаць сабе губы, шчокі.

2. перан.; да каго-чаго. Увайсці ў ласку ліслівасцю; паддобрыцца, падлізацца. [Сцяпан:] [Быкоўскі] яшчэ толькі збіраецца падмазацца да нашай Паўлінкі; ну, а каб слізчэй усё пайшло, дык перш мяне ён падмазаў. Купала.

падма́заць, ‑мажу, ‑мажаш, ‑мажа; зак., каго-што.

1. Злёгку або дадаткова змазаць чым‑н. Падмазаць скавараду. Падмазаць падшыпнікі. □ Мы пачалі ладзіць павозку. Праверылі, ці добра трымаюцца лёсткі ў білах, падцягнулі атосы, паправілі палукашак, густа падмазалі дзёгцем колы. Якімовіч.

2. перан. Разм. Даць хабар, падкупіць. Сроіл, баючыся пагалоскі, што ў ягоным садзе забілі чалавека, добра падмазаў і паліцыю і ўрача. Корбан.

•••

Падмазаць пяткі (пяты) — хутка пабегчы, уцячы.

падма́званне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. падмазваць і падмазвацца.