пагаршэ́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. пагаршаць — пагоршыць і стан паводле знач. дзеясл. пагаршацца — пагоршыцца.
пагарэ́заваць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак.
Гарэзаваць некаторы час.
пагарэ́зіць, ‑рэжу, ‑рэзіш, ‑рэзіць; зак.
Тое, што і пагарэзаваць.
пагарэ́лец, ‑льца, м.
Той, у каго пажар знішчыў дом і маёмасць. З апушчанымі галовамі шукалі пагарэльцы сваё дабро. Гартны. [Макар Кузьміч:] — Парашылі калектывам будаваць дамы ўсім пагарэльцам. Краўчанка.
пагарэ́лішча, ‑а, н.
Тое, што і пажарышча. Стаялі ля пагарэлішча, дзе яшчэ галавешкі тлелі. І ад куродыму горкага слёзы ў маці нагортваліся. Барадулін.
пагарэ́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які пагарэў, згарэў. Вот і разбураныя вуліцы, руіны пагарэлых дамоў. Лынькоў.
2. у знач. наз. пагарэ́лы, ‑ага, м. Тое, што і пагарэлец.
3. у знач. наз. пагарэ́лае, ‑ага, н. Тое, што згарэла ў выніку пажару.
пагарэ́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.
1. Страціць дом, маёмасць у выніку пажару. Гэта былі гады, калі ўсе будаваліся — і той, хто пагарэў, хто не меў дзе жыць, і той, у каго быў .. дах над галавой. Шамякін. // (1 і 2 ас. не ўжыв.). Згарэць — пра ўсё, многае. [Самабыліха:] — Вось калі не шанцуе, дык не шанцуе: пасадзіла ў печ булкі ды забылася.. Усе булкі пагарэлі, адны бляхі засталіся. Колас.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выгараць, засохнуць ад гарачыні. Лясы пагарэлі. Трава пагарэла.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Гарэць некаторы час. Свечкі пагарэлі і пагаслі.
4. перан. Разм. Пацярпець няўдачу; аказацца ў цяжкім становішчы. Прамоўца выступаў на сходзе І пагарэў, як кажуць, пры народзе. Корбан.
пагаса́нне, ‑я, н.
Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. пагасаць — пагаснуць.
пагаса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да пагаснуць.
пагасі́ць, ‑гашу, ‑гасіш, ‑гасіць; зак., што.
1. Спыніць гарэнне; патушыць. Пагасіць лямпу. □ [Кавалёва] пагасіла агонь і лягла ў пакоіку з дзецьмі. Дуброўскі.
2. перан. Не даць развіцца (пра пачуцці, перажыванні і пад.). Пагасіць гнеў. □ Хай аднаму мне сэрца коле, Я пагашу ў душы свой боль. Прыходзька. Вейкі прыжмурыліся, пагасілі агонь нянавісці, які нечакана ўспыхнуў у самай глыбіні вачэй. Новікаў.
3. Спыніць дзеянне чаго‑н., ліквідаваць што‑н. Пагасіць паштовую ларку. Пагасіць аблігацыю. □ Асобам, якія маюць запазычанасць па абанементнай плаце, прапануецца неадкладна яе пагасіць. «Звязда».
4. Спец. Зменшыць сілу, дзеянне чаго‑н. Пагасіць парашут.