Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падлы́гваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падлыгаць.

падлы́жачны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які знаходзіцца пад ніжняй часткай грудной клеткі, пад лыжачкай (у 2 знач.).

падлы́жны, ‑ая, ‑ае.

Абл. Падлізлівы, угодлівы. Прахор бачыў ягонае здзіўленне і, каб падмацаваць яго, гаварыў з фальшывай падлыжнай сціпласцю. Зарэцкі.

падлю́га, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑люзе, Т ‑ай (‑аю), ж.

Разм. Подлы чалавек, нягоднік. Суіснаваць я адмаўляюся З падлюгамі і кар’ерыстамі. Панчанка. // Ужываецца як лаянкавае слова. [Люба:] — Глядзі, як зайцы, [паліцаі] скачуць па кустах. Дажыліся, падлюгі. Шамякін.

падлю́ка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑люцы, Т ‑ай (‑аю), ж.

Разм. Тое, што і падлюга. [Лясніцкі:] — Не верце хлусні фашысцкіх вырадкаў і іх халуёў-паліцаяў і розных старастаў. Гэта здраднікі і падлюкі! Шамякін. — У, шкура! — аж скрыг[а]нуў зубамі Вася. — Перабег, падлюка! Мележ.

падлю́стравы, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца каля люстра, пад люстрам. Падлюстравы столік.

падлюстэ́рнік, ‑а, м.

Столік пад насценным люстрам.

падляга́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., чаму.

Адносіцца да ліку асоб, аб’ектаў, на якія распаўсюджваецца што‑н. абавязковае, прымусовае. Падлягаць навучанню. Падлягаць суду. Падлягаць уліку. Падлягаць няўхільнаму выкананню. □ [Рудчанка:] — У лічыце, што ўсе мужчыны, якія падлягаюць мабілізацыі, ідуць у армію. Сіўцоў. Кожны населены пункт.. падлягае дзяржаўнай рэгістрацыі. «Полымя». // Падвяргацца чаму‑н. Не падлягае сумненню, што большая частка іншамоўнай лексікі пранікла ў старабеларускую мову праз польскую. Жураўскі.

падляга́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падлегчы.

падлягчы́ць, ‑лягчу, ‑легчыш, ‑легчыць; зак., што.

Крыху аблягчыць.

падлямава́ны і падлямо́ваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падлямаваць.