падлічы́ць, ‑лічу, ‑лічыш, ‑лічыць; зак.
Палічыўшы, вызначыць суму, колькасць каго‑, чаго‑н.; падвесці вынікі. Сільчанка ўстаў з-за стала, каб падлічыць узнятыя рукі. Мележ. Стоячы каля хаты, Канстанцін Міхайлавіч падлічыў, колькі год пасаджаным яго рукамі дрэвам. Лужанін.
падло́г, ‑у, м.
Падробка з мэтай ашукаць каго‑н.; падман, ашуканства. [Вера:] Таварышы! Гэта ж падлог, жульніцтва. [Левановіч:] Што? Пісьмо фальшывае? Крапіва. Ад смерці бог фашыстаў не ўбярог, Хоць позна, разгадаў усё ж падлог — Убачыў іклы пад авечай маскай. Жычка. Усё як ёсць табе відаць адразу — І кроў, і здрада, і падлог, і гнеў. Бураўкін.
падло́га, ‑і, ДМ ‑лозе, ж.
1. Насціл у памяшканні, па якім ходзяць. Паркетная падлога. □ Глеб Іванавіч устаў і захадзіў па цеснай хаце, прыслухоўваючыся, як рыпіць падлога пад нагамі. Дуброўскі. Млын калаціўся, скрыпеў падлогаю, гуў камянямі. Чорны.
2. Дол, ніз (пераважна ў жыллёвым памяшканні). Насцілу ў хаце яшчэ не было, падлога засталася земляная. Кавалёў. У зямлянку з дзвярэй прарвалася вада, яна залівала гліняную падлогу. Гурскі.
падло́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
Разм. Падводная лодка. Гэта будзе кароткі, ды сумны расказ... Не вярнулася ў гавань падлодка. На вайне такое бывала не раз. Жычка.
падло́жаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад падлажыць.
падло́жнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць падложнага. Падложнасць дакумента. □ Падложнасць пісьмовага доказу.. можа быць даказана пры дапамозе любога доказу, уключаючы паказанні сведак. Грамадзянскі працэсуальны кодэкс БССР.
падло́жны, ‑ая, ‑ае.
Які з’яўляецца падлогам; фальшывы. Падложны дакумент. Падложнае пісьмо. □ Сяляне падазравалі, што мясцовыя ўлады, каб дагадзіць памешчыкам, абвясцілі падложны маніфест і лжыва яго тлумачаць. Лушчыцкі.
падло́мвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да падломваць.
падло́мваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да падламаць.