Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пагаджа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да пагадзіць (у 1 знач.).

пагадзі́нны, ‑ая, ‑ае.

Які робіцца, разлічваецца па гадзінах. Пагадзінная аплата. Пагадзінная праца.

пагадзі́цца, ‑гаджуся, ‑годзішся, ‑годзіцца; зак.

1. Выказаць сваю згоду з кім‑, чым‑н.; згадзіцца. Пагадзіцца з прапановай. □ — Так, нялёгкі быў час, — пагадзіўся.. [Понтус], намагаючыся стаць самавітым. Карпаў.

2. Разм. Даць згоду на што‑н., згадзіцца. З Іванам дамовіцца было не цяжка: ён адразу пагадзіўся быць правадніком. Новікаў.

3. Прыйсці да згоды, сысціся на чым‑н. Усе пагадзіліся ісці пехатою. □ Пагадзіліся на тым, што за старшыню будзе Анісім Папок. Сабаленка.

4. Памірыцца з кім‑н. Дзед Купрыян лічыць, што час Аўгініных прочак сышоў. Ёй трэба вярнуцца і пагадзіцца з Васілём. Колас. // Прымірыцца з чым‑н., прывыкнуць да чаго‑н. Камандзір усё не мог пагадзіцца, што людзей яму далі без выбару. Быкаў. Пра стажок ужо меней гаварылі, з горам-бядою пагадзіліся ў хаце. Колас.

5. Разм. Наняцца працаваць на пэўных умовах. Гаспадыня ўжо не рада была і той даплаце, за якую пагадзілася даглядаць Уладзіка. Марціновіч.

пагадзі́ць, ‑гаджу, ‑годзіш, ‑годзіць; зак., каго-што.

1. Прывесці ў адпаведнасць з чым‑н. Пагадзіць супярэчнасці.

2. Памірыць, прымірыць. [Саўка:] Эх, бяда з гэтымі старымі.. Не тое, дык тое... Ніяк іх пагадзіць няможна. Чарот.

пагадне́нне, ‑я, н.

1. Дагавор, які абумоўлівае абавязацельствы ў чым‑н. Міжнародныя пагадненні. Гандлёвае пагадненне. Пагадненне аб перамір’і. □ Нарэшце, пагадненне было падпісана. Самуйлёнак.

2. Прымірэнне, згода. Шукаць пагаднення. □ ...Такія перапалкі канчаюцца ўзаемным пагадненнем звычайна вечарам. Васілевіч.

•••

Джэнтльменскае пагадненне — міжнародны дагавор, заключаны звычайна без афіцыйных фармальнасцей, у вуснай форме.

пагадні́ць, ‑гадню, ‑годніш, ‑годніць; зак., каго-што.

Тое, што і пагадзіць. Ніяк не мог я пагадніць акружаючае рэальнае жыццё са светам думак, фантазій, якія пачэрпнуў з кніг. Купала. Відаць, прывёў .. [Апанаса] сюды Арцём, каб пагадніць, для міру. Пестрак.

пагадня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца.

Незак. да пагадніцца.

пагадня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да пагадніць.

пагадо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які робіцца па гадах, адносіцца да года. Пагадовыя выпускі. Пагадовая плата. □ Беларускі летапісец часамі арганічна не можа прыняць пагадовага спосабу [падачы] падзей. Чамярыцкі.

пагаі́цца, ‑гояцца; зак.

Загаіцца, зажыць — пра ўсё, многае. Міцькавы раны да вясны пагаіліся. Брыль.