паўзко́м, прысл.
Прыпадаючы тулавам да паверхні, паўзучы. Да пярэдняга краю прыйшлося прабірацца то паўзком ад ямкі да ямкі, то перабежкамі. Мележ. Толькі паўзком, па-пластунску, можна было пераадолець кіламетровы прамежак ад узлесся да першых вясковых хлявоў. Марціновіч.
паўзла́зіць, ‑лазіць; ‑лазім, ‑лазіце, ‑лазяць; зак.
Узлезці — пра ўсіх, многіх. Невялікія, супроць доўгага тулава, галоўкі [баскетбалістаў] ледзь не на паўметра ўзвышаліся над мяккімі крэсламі, і можна было падумаць, што гэта і ёсць дзеці; раздурэліся і паўзлазілі з нагамі на сядзенне. Лужанін.
паўзле́сны, ‑ая, ‑ае.
Які праходзіць, пралягае паўз лес, каля лесу. Чорная мужчынская постаць падалася на паўзлесную сцежку. Чорны.
паўзме́ны, ж.
Палавіна змены. Такой парой гарачай За паўзмены І ў свірне могуць прарасці зярняты. Аўрамчык.
паўзмро́к, ‑у, м.
Няпоўны змрок; вельмі слабае асвятленне. У хаце паўзмрок, ужо вечар, і чалавек не можа разглядзець, ёсць хто ў хаце ці не. Галавач. У зямлянцы было адно акенца, і, як заўсёды ў хмурны дзень, тут стаяў паўзмрок. Сіняўскі. Праз шыбы з тоўстым напластаваннем інею працэджвалася дзённае святло, і ў хаце быў нейкі прыемна ўрачысты паўзморк. Шамякін.
паўзмро́чны, ‑ая, ‑ае.
Не зусім асветлены, цемнаваты. Ачуўся .. [Язэп] у сырым паўзмрочным сутарэнні. Гуло ў скронях, і балюча было павярнуць галаву. Асіпенка. Гэта быў невялікі паўзмрочны пакой з замураванымі больш як да паловы вокнамі. Мележ.
па́ўзнік, ‑а, м.
Спец. Від трохскладовага сілабатанічнага верша з паўзамі (у 4 знач.), г. зн. з неаднолькавай вольнасцю ненаціскных складоў паміж націскнымі. Жывое гучанне верша пераконвае, што перад намі «чысты» паўзнік ці дольнік. Бярозкін.
паўзніма́цца і паўздыма́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.
Узняцца — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае. З-пад шынялёў, з-пад коўдраў павысоўваліся, паўзнімаліся галовы. Чорны. Шмат у нас гарадоў, Шмат яшчэ паўзнімецца — Толькі ў кожным пажыць Мне па году жадаецца. Броўка. А далей з-пад лісцяў тонкіх Паўзнімаліся зялёнкі, І застылі ў новых шапках Падасінавікі, бабкі. Бачыла.
паўзніма́ць і паўздыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Узняць усё, многае, або ўсіх, многіх. Паўзнімаць байцоў па трывозе. □ Хвоі, што так высока паўздымалі свае губатыя верхавіны, рыпяць. Барашка.
па́ўзны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да паўзы (у 3 знач.). Паўзны знак.