Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пашурпа́цець, ‑ее; зак.

Разм. Зрабіцца шурпатым або больш шурпатым.

пашурпа́ціцца, ‑ціцца; зак.

Разм. Тое, што і пашурпацець.

пашуткава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак.

Абл. Пажартаваць. [Бабка:] — Чалавек ён [пан] не кепскі. І пагаварыць любіць, і пашуткуе, і пасмяецца. Колас.

пашушу́кацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Шушукацца некаторы час. Малы, відаць, надумаў адпомсціць Адаму. Ён аб нечым пашушукаўся ў кутку з сябрамі, і вось усе, хто сядзеў на лаўцы, нібы па камандзе, усталі. Нядзведскі.

па́шча, ‑ы, ж.

Рот звера, рыбы. Кракадзіл задрыгаў целам і зрабіўся нерухомы .. з нагою хлопчыка ў пашчы. Маўр. На паперы з’яўляецца воўк — пашча ашчэрана, хіб натапыраны, хвост як палена. Васілевіч. Сабака кінуўся на .. [Сцёпку], ашчэрыўшы ікластую пашчу. Хомчанка. // Разм. зневаж. Вялікі і непрыгожы рот чалавека. І сала і хлеб прападалі ў пашчы Касперыча. Колас. // перан. Цёмнае паглыбленне ў чым‑н. Электраплавільная печ прыняла метал, і Міхал сам, замест падручнага, узяўся кідаць у яе вогненную пашчу стальныя брыкеты. Карпаў.

пашчабята́ць, ‑бячу, ‑бечаш, ‑беча; зак.

Шчабятаць некаторы час. [Дзяўчаты] пасядзелі на лаўцы пад каштанам, пашчабяталі, як птушкі, а потым чародкай пайшлі па вуліцы. Кулакоўскі.

пашчапа́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад пашчапаць.

2. у знач. прым. Расколаты на часткі, на шчэпкі. Пад сцяной хлеўчука святлеў ладны штабялёк нарыхтаваных — нарэзаных і пашчапаных — дроў. Быкаў. // З трэшчынамі, расколінамі. Відаць .. шэрая яловая кара, прыціснутая старым пашчапаным карытам. Пташнікаў. З гарышча старэнькай, з забітымі вокнамі і пашчапанымі дзвярыма хаты біў кулямёт. Бураўкін.

пашчапа́цца, ‑аецца; зак.

Раскалоцца на часткі, на шчэпкі. Палена пашчапалася. Дошка пашчапалася. □ Вось, вось, здаецца, шыбане пад адхон паравоз, пашчапаюцца колы на крыжавінах ці ў пух разляцяцца стрэлкі. Лынькоў.

пашчапа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Раскалоць на часткі, на шчэпкі. Танк, які толькі што важка сышоў з платформы, пашчапаў, зрушыў дзе-нідзе намошчаныя шпалы. Мележ. Пан размахнуўся і пашчапаў сваю стрэльбу аб хвою. Скрыган.

пашчарбі́ць, ‑шчарблю, ‑шчэрбіш, ‑шчэрбіць; зак., што.

Зрабіць шчарбіны на чым‑н. Пашчарбіць тапор.