Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пато́мства, ‑а, н.

1. Маладое пакаленне ў адносінах да старэйшых, да бацькоў; дзеці. У .. [бяседцы] летам па выхадных днях усё Чмаруцькава патомства ўрачыста засядала за святочным самаварам. Лынькоў. Праз два тыдні з ікрынак выходзіць шматлікае патомства. Матрунёнак. Усё сваё жыццё жаўна праводзіць на ствалах дрэў і ў дупле, дзе спіць і выводзіць патомства. В. Вольскі.

2. Людзі будучых пакаленняў. Прыгожыя людзі, рабочыя людзі — Іх подзвіг працоўны, іх клопат аб Мінску Шчаслівым патомствам забыты не будзе. Гілевіч.

пато́нчаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад патанчыць.

2. у знач. прым. Вытанчаны, тонкі. Самы лепшы і самы патончаны густ тут не знойдзе ніякай заганы. Дубоўка.

пато́нчванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. патончваць — патанчыць.

пато́нчвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да патанчыцца.

2. Зал. да патончваць.

пато́нчваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да патанчыць.

пато́п, ‑у, м.

1. Паводле біблейскай легенды — паводка, якая за грахі людзей затапіла ўсю зямлю. Сусветны патоп.

2. Разм. Разводдзе, паводка, навадненне. Патоп стаяў на Камароўцы Вясной і ўвосень кожны год. Гілевіч. У кватэры Кузьміча са столі лінула вада... Ён раніцаю ў рэмкантору: — Бяда, таварышы, бяда! Патоп у хаце, ў хаце мора... Валасевіч.

пато́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Тое, што і патупаць. Ячны не адказаў нічога. Ён моўчкі ўзяў павады і патопаў з кабылай з двара. Брыль. Варакса патопаў лапцямі, абіваючы снег. Місько.

пато́плены 1, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад патапіць ​1.

пато́плены 2, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад патапіць ​2.

пато́ргацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Таргануцца некалькі разоў. «Пабеда» паторгалася, пафыркала на розных нотах і не кранулася з месца. Быкаў.

пато́ргаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Таргануць некалькі разоў. Паторгаў [Сяргей] за дзверы — яны былі зашчэплены, нясмела пастукаў. М. Стральцоў. Селянін паторгаў лейцамі, адкормлены буланы конь важна патрухаў. Новікаў. Нехта заварушыўся, паторгаў нагамі і сціх. Быкаў.