Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падамало́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і без дап.

Дамалаціць усё, многае. Падамалочваць збожжа. // (1 і 2 ас. не ўжыв.). Завяршыць малацьбу — пра ўсіх, многіх. Суседзі ўжо падамалочвалі і салому скідалі ў стагі.

пада́нне, ‑я, н.

Вуснае апавяданне, якое жыве ў народзе, у данай мясцовасці і перадаецца з пакалення ў пакаленне. Паданне пра Машэку нясе ў сабе і адну з народных версій пра заснаванне і назву горада Магілёва. Шынклер.

падано́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Данасіць, знасіць усё, многае. Паданошваць боты.

2. Разм. Кончыць насіць (у 1 знач.) што‑н. Паданошваць дровы.

падапа́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Разм. Дапаліць усё, многае. Падапальваць ламачча. Падапальваць дровы ў печы.

падапе́чны, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца пад апекай. Падапечная тэрыторыя. Падапечнае дзіця. / у знач. наз. падапе́чны, ‑ага, м., падапе́чная, ‑ай, ж. Пра чалавека. На купіне перавязалі рану, і Вацура панёс сваю падапечную на руках — пад нагамі хліпала ржавая балотная вада. Чыгрынаў.

падапіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Разм. Дапіць усё, многае. Падапіваць малако.

падапіло́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Дапілаваць усё, многае. Падапілоўваць дошкі.

падапі́сваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Разм. Дапісаць нейкую колькасць чаго‑н. куды‑н. Падапісваць прозвішчы ў журнал.

падапла́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Дадаць да раней выплачанай сумы нейкую частку грошай.

падаплёка, ‑і, ДМ ‑лёцы, ж.

Сапраўдная, але скрытая, не яўная прычына, падстава, сутнасць чаго‑н. Падпявалы Узнімуць часам звон, Ажыятаж, А падаплёка тут — падхалімаж! Валасевіч.