Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нацягну́ць, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак.

1. што. Расцягваючы, зрабіць тугім, напяць. Нацягнуць трос. □ Конь ірвануў і раптам... выскачыў з аглобляў, нацягнуўшы лейцы, якія былі закручаны за драбіны. Шамякін. // Распрамляючы, прымацаваць да чаго‑н. Нацягнуць антэну. Нацягнуць палатку.

2. што. Адзець (абуць) што‑н. з цяжкасцю або адзець (абуць) што‑н. наогул. Сандалікі былі .. [Сярожку] малыя, але ён усё ж здолеў нацягнуць іх на ногі. Васілёнак. Нацягнулі мы белыя маскхалаты, завязалі вушанкі і сіганулі ў завіруху. Мыслівец. // Накрыцца, нацягнуўшы на сябе што‑н. Калі братавы крокі сціхлі, Павал лёг і нацягнуў на галаву кажух. Галавач. Хвіліну памаўчаўшы [дзядзька Харытон] нацягнуў на сябе дзяружку, заплюшчыў вочы — відаць, пачаў думаць аб нечым сваім. Бажко.

3. чаго. Прыцягнуць, прынесці ў якой‑н. колькасці. У тую ж хвіліну некалькі чалавек пайшло па дровы. Неўзабаве яны нацягнулі цэлую кучу галля. Сіняўскі.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Настояцца; заварыцца. [Сабастыян:] — Няхай.. [лякарства] яшчэ дзень пастаіць, перамяшаецца, нацягне, састоіцца як мае быць, а тады налівай сабе на далоню і вышмароўвай нагу. Чорны.

5. перан.; што і без дап. Разм. Давесці што‑н. да нормы, да пэўнай ступені (пра выпрацоўку, выдаткі і пад.). Сымон Васільевіч сказаў настаўнікам: — гэтую [прапушчаную] гадзіну як-небудзь нацягнем, а так яна зусім прападзе, а вучням сапсуем свята. Дубоўка. // Завысіць што‑н. (адзнаку, паказчык і пад.). Нацягнуць ацэнку.

6. пераважна безас. чаго і без дап. Разм. Нагнаць ветрам; закрыць, завалачы чым‑н. Нацягнула аднекуль дыму. □ [Яўмен:] — Нешта парыць, хаця б дажджу не нацягнула... Сачанка.

наця́жка, ‑і, ДМ ‑жцы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. нацягнуць (у 1 знач.) і стан паводле дзеясл. нацягнуцца (у 1 знач.).

2. Неправамернае дапушчэнне чаго‑н. У .. рабоце сустракаюцца часамі нацяжкі, надуманыя паралелі. Івашын. Алесь пацяшае.. [маці], часамі з горкай нацяжкай, што Толя напэўна жывы — ён ваюе і прыйдзе. Брыль.

нацяжны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які надзяваецца шляхам нацягвання, нацяжкі. Нацяжная шына. // Які служыць, прыстасаваны для нацягвання. Нацяжны шкіў. Нацяжны канат.

2. Такі, які дзейнічае пры нацягванні, нацяжцы. Дэсантнікі на другім канцы, дзе меркаваўся хвост эшалона, прыстасоўвалі нацяжную міну. Навуменка.

нацяжэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. нацягнуць (у 1 знач.) і стан паводле дзеясл. нацягнуцца (у 1 знач.).

2. Спец. Зрастанне скуры, пашкоджанай раненнем. Першаснае нацяжэнне.

нацяка́ць, ‑ае.

Незак. да нацячы.

нацямку́, прысл.

Разм. Досвіткам, на світанні; прыцемкам. Касіць зачыналі рана, нацямку. Сачанка. Дапытвалі [арыштаваных] аж да вечара. Ужо нацямку ўсіх пагналі ў Глыбокае. Машара.

нацямо́чку, прысл.

Разм. Тое, што і нацямку. [Тамаш:] — Устаў я гэта сабе нацямочку, яшчэ нават сцежкі пад нагамі не відаць. Чорны. Жанчыны .. з журавін .. вярталіся нацямочку. Кірэйчык.

нацянькі́, прысл.

Самым кароткім шляхам; наўпрост. Вось ужо і сцежка, па якой нацянькі можна прайсці на панскія могілкі. Зарэцкі. [Стары:] — Нас гналі цераз поле, снегам нацянькі. Чорны.

нацяплі́цца, ‑цепліцца; зак.

Разм. Нагрэцца (пра памяшканне).

нацяплі́ць, ‑цяплю, ‑цепліш, ‑цепліць; зак., што.

Разм. Нагрэць якое‑н. памяшканне. Нацяпліць лазню.