нацягну́ць, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак.
1. што. Расцягваючы, зрабіць тугім, напяць. Нацягнуць трос. □ Конь ірвануў і раптам... выскачыў з аглобляў, нацягнуўшы лейцы, якія былі закручаны за драбіны. Шамякін. // Распрамляючы, прымацаваць да чаго‑н. Нацягнуць антэну. Нацягнуць палатку.
2. што. Адзець (абуць) што‑н. з цяжкасцю або адзець (абуць) што‑н. наогул. Сандалікі былі .. [Сярожку] малыя, але ён усё ж здолеў нацягнуць іх на ногі. Васілёнак. Нацягнулі мы белыя маскхалаты, завязалі вушанкі і сіганулі ў завіруху. Мыслівец. // Накрыцца, нацягнуўшы на сябе што‑н. Калі братавы крокі сціхлі, Павал лёг і нацягнуў на галаву кажух. Галавач. Хвіліну памаўчаўшы [дзядзька Харытон] нацягнуў на сябе дзяружку, заплюшчыў вочы — відаць, пачаў думаць аб нечым сваім. Бажко.
3. чаго. Прыцягнуць, прынесці ў якой‑н. колькасці. У тую ж хвіліну некалькі чалавек пайшло па дровы. Неўзабаве яны нацягнулі цэлую кучу галля. Сіняўскі.
4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Настояцца; заварыцца. [Сабастыян:] — Няхай.. [лякарства] яшчэ дзень пастаіць, перамяшаецца, нацягне, састоіцца як мае быць, а тады налівай сабе на далоню і вышмароўвай нагу. Чорны.
5. перан.; што і без дап. Разм. Давесці што‑н. да нормы, да пэўнай ступені (пра выпрацоўку, выдаткі і пад.). Сымон Васільевіч сказаў настаўнікам: — гэтую [прапушчаную] гадзіну як-небудзь нацягнем, а так яна зусім прападзе, а вучням сапсуем свята. Дубоўка. // Завысіць што‑н. (адзнаку, паказчык і пад.). Нацягнуць ацэнку.
6. пераважна безас. чаго і без дап. Разм. Нагнаць ветрам; закрыць, завалачы чым‑н. Нацягнула аднекуль дыму. □ [Яўмен:] — Нешта парыць, хаця б дажджу не нацягнула... Сачанка.