наваява́цца, ‑ваююся, ‑ваюешся, ‑ваюецца; зак.
Разм.
1. Многа, доўга паваяваць; стаміцца, ваюючы. [Аляксандр:] — Наваяваўся за сябе і за тых, што не радзіліся яшчэ. Грахоўскі.
2. Пазбавіцца сілы, моцы на вайне; адваявацца. — Я ўжо наваяваўся... — [Крыўдзін] узняў руку, на якой не было пальца. Гурскі.
наваява́ць, ‑ваюю, ‑ваюеш, ‑ваюе; зак.
Разм. (звычайна са словамі «многа», «доўга» і пад. і з адмоўем «не»). Паваяваць некаторы час. [Юзік:] — Вось белякам і крута прыходзіцца. Спераду — чырвоныя, ззаду — партызаны. Нябось, доўга не наваююць. І гарматы замежныя не памогуць... Якімовіч.
навая́ўлены, ‑ая, ‑ае.
Іран. Які ўпершыню дзе‑н. з’явіўся, праявіў сябе. Наваяўлены пан. Наваяўлены атаман.
наве́данне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. наведаць.
наве́даны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад наведаць.
наве́дацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Зайсці, заехаць да каго‑н., куды‑н., пабываць дзе‑н. [Лабановічу] самому хацелася наведацца да маці такіх слаўных дзяцей, як Лідачка і Коля. Колас. У бальніцу Зоня другі раз не прыйшла, хоць абяцала наведацца. Кулакоўскі. За тыдзень да свята Ігнат Андрэевіч наведаўся ў Мінск. Шамякін.
наве́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Пабываць дзе‑н., у каго‑н., прыйсці або прыехаць куды‑н., да каго‑н. [Карнею] цяпер няма часу наведаць маці ў бацькоўскім доме. Гроднеў. За тры дні малады Забродскі паспеў наведаць усіх сваякоў. Кулакоўскі.
наве́двальнік, ‑а, м.
Той, хто наведвае каго‑, што‑н., прыходзіць, наведваецца куды‑н., да каго‑н. У рэдакцыю заходзілі ўсё новыя і новыя наведвальнікі. Хведаровіч. Ужо хвілін дваццаць прайшло, як трэба было пачаць прыём наведвальнікаў. М. Ткачоў.
наве́дванне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. наведваць.
2. Колькасць явак куды‑н. Добрае наведванне заняткаў.