падле́гчваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да падлягчыць.
падле́гчы, ‑лягу, ‑ляжаш, ‑ляжа; зак.
Легчы пад што‑н., ніжэй чаго‑н. або поруч з кім‑, чым‑н.
падледніко́вы, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца, утвараецца пад ледніком. Падледніковыя рэкі.
падле́зці, ‑лезу, ‑лезеш, ‑лезе; зак.
1. Залезці пад што‑н.; прабрацца куды‑н. паўзком. Падлезці пад мост. □ Таня асцярожна падлезла пад куст, лягла на дно ямы і старанна прыкрылася, нахіліўшы над сабой галінкі. Зуб. Падлезшы пад нізка асеўшае крыло самалёта, я пачаў хутка разграбаць снег. Шамякін.
2. Разм. Падступіцца, наблізіцца да чаго‑н. Бэз падлез пад самае акно. Скарынкін.
падле́ньвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм. Крыху ленавацца. [Васіль:] — Антось усю вясну хадзіў на работу.. Праўда, падленьваўся іншы раз. Кулакоўскі.
падле́плены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад падляпіць.
падле́плівацца, ‑аецца; незак.
Зал. да падлепліваць.
падле́пліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да падляпіць.
падле́сак, ‑ску, м.
Кусты і маладыя дрэвы ў лесе, якія не дасягнулі сваімі кронамі асноўнага ляснога масіву; маладняк (у 2 знач.). Лес быў густы. Паміж старых соснаў і елак пракідваліся маладыя дубкі і бярозкі, а зусім унізе браўся падлесак. Сабаленка. Карпацкія горы невысокія, але вельмі лясістыя. Дрэвы там магутныя, галінастыя, з густым падлескам. Няхай.
падле́сны, ‑ая, ‑ае.
Які прымыкае да лесу, мяжуе з лесам. Прыйшоўшы да бацькі з падлеснай даліны, Расці прыняліся І клён і рабіна. Броўка. За першай градой падлесных зараснікаў пайшоў лес чысты. Чорны.