падла́дзіцца, ‑ладжуся, ‑ладзішся, ‑ладзіцца; заг. падладзься; зак.
1. Трапіць у тон (пры ігры на музычным інструменце або спяванні). Падладзіцца пад акампанемент гітары. // Выдаць гукі, падобныя да спеву птушак, галасоў звяроў і пад. Дзед добра перадае страшны голас мядзведзя або ваўка, а вось падладзіцца пад лісу ці пеўніка яму не ўдаецца. Рылько.
2. Прыстасавацца, прыладзіцца да руху, дзеяння каго‑, чаго‑н. Бяссонная ноч абрабавала сілы. Не хапала спрыту падладзіцца пад дружныя ўзмахі касцоў. Асіпенка. Крок.. [Лены] быў такі павольны, што я не мог ніяк падладзіцца пад яго з маім цяжкім салдацкім крокам. Кірэенка. // перан. Жадаючы дагадзіць, прыстасавацца да чыіх‑н. патрабаванняў, поглядаў і пад.
падла́дзіць, ‑ладжу, ‑ладзіш, ‑ладзіць; заг. падладзь; зак., што.
1. Падрамантаваць. Давай лепш падладзім крыху гэтую хату, што нам далі, а то разваліцца. Кулакоўскі. Падладзіць.. [бляхар], скажам, вядро — яно і паслужыць гаспадару яшчэ які год. П. Ткачоў. // Разм. Прывесці ў парадак; паправіць. Падладзіў [Клім] гаспадарку, як кажуць, стаў на ногі. Шахавец.
2. Разм. Настроіць музычны інструмент на пэўны лад. Падладзіць балалайку.
падлае́дныя, ‑ых.
Жывёлы, якія ядуць падлу (у 1 знач.).
падлажы́ць, ‑лажу, ‑ложыш, ‑ложыць; зак., што і чаго.
1. Палажыць што‑н. пад каго‑, што‑н. За два дні работы нарэзаў, назбіраў дзядзька цэлую кучу дроў.. А каб ад зямлі не нацягвала вырасці, падлажыў дзве палавінкі. Колас. Стары Няміра ляжаў на лаве. Хтосьці падлажыў яму пад галаву нейкую вопратку. Чорны.
2. Палажыць дадаткова, дадаць. [Агонь] гатоў быў вось-вось згаснуць, і.. [Ганна] падлажыла ў яго смалісты сук. Мележ.
3. Палажыць тайком, неўзаметку, з якім‑н. намерам. [Якаў:] — Ну дык я табе скажу: каб зрабіць чалавека злодзеем, трэба падлажыць яму нешта крадзенае. Чарнышэвіч.
4. Залажыўшы, падшыць. Падлажыць ніз спадніцы. // Падшыць спадыспаду. Падлажыць плечы ватай.
•••
Падлажыць міну каму, пад каго — прычыніць каму‑н. вялікую непрыемнасці.
Падлажыць (падсунуць) свінню — зрабіць у адносінах да каго‑н. што‑н. дрэннае, подлае.
падла́зіць, ‑лажу, ‑лазіш, ‑лазіць.
Незак. да падлезці.
падлакірава́ны і падлакіро́ваны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад падлакіраваць.
падлакірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; заг. падлакіруй; зак., што.
1. Палакіраваць злёгку або дадаткова. Падлакіраваць мэблю.
2. перан. Разм. Прыхарашыць. Падлакіраваць рэчаіснасць.
падлакіро́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да падлакіраваць.
падлако́тнік, ‑а, м.
Ручка крэсла, на якую абапіраюцца локцем у час сядзення. Алесь сядзіць каля стала ў цвёрдым з падлакотнікамі крэсле. Шамякін.