падкуры́ць, ‑куру, ‑курыш, ‑курыць; зак., каго-што.
1. Абкурыць злёгку, нямнога. Падкурыць пчол. □ — Нібы чорт зеллем паганым падкурыў хату Супрона Дразда і Змітрука Карча, — казалі сяляне, чуючы кожны дзень, сварку ў іх хатах. Чарот.
2. Падвэндзіць. — Ядлоўцам я .. кумпячкі падкуру, каб не залежваліся. Бажко. Частку [рыбы] засмажылі, а частку падкурылі ды павесілі сушыцца. Маўр.
падку́сванне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. падкусваць — падкусіць.
падку́свацца, ‑аецца; незак.
Зал. да падкусваць.
падку́сваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да падкусіць.
падкусі́ць, ‑кушу, ‑кусіш, ‑кусіць; зак., каго-што.
1. Прыкусіць (пра вусны). Вяршкоў падкусіў верхнюю губу. Чыгрынаў.
2. перан. Разм. Сказаць што‑н. з’едлівае, непрыемнае. [Данкоў:] — [Поле] насення патрабуе. І поле, браце, не ўпросіш пачакаць. Сагрэлася зямля — сёй. Як радзіць усё роўна .. — Ха! Мабыць, часта ты той справаю займаўся, калі так добра ўсё ведаеш, — падкусіў Антон. Савіцкі.
падку́слівы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які гаворыць з’едлівыя, непрыемныя словы. Настаўнік быў танкатвары, бледны, задумлівы, але з людзьмі наогул даволі ветлівы, прыемны і толькі часам, на злосць каму, падкуслівы і ўпарты, як казёл. Гарэцкі.
падку́хцік, ‑а, м.
Уст. Хлопчык, які служыў на кухні. — Ты [Сымон] — падкухцік, ты — музыка, Падмятайла, ваданос. Колас.
па́дла, ‑ы, ж.
1. Труп жывёліны; мярцвячына. Калі звер галодны дарвецца да падлы — да яго падыходзяць бліжэй: не чуе, заняўшыся. Пташнікаў. Гэтыя агідныя звяры [гіены] кормяцца больш усялякай падлаю і рэдка нападаюць на людзей. Маўр.
2. Разм. зневаж. Аб кім‑, чым‑н. вельмі дрэнным. [Антон:] — Яшчэ гэтага толькі нам не хапала, каб псаваць сваё здароўе праз кожную падлу. Машара. Ды перабраў тут дзядзька меру: На слуп узбіўся, на халеру, Ды так аб падлу штурхануўся, Што свет яму перавярнуўся. Колас. // Лаянка, грубы зварот. — Пятрусь, уставай! — гукнула старая на печ. — Уставай, падла ты, тры гадзіны! Брыль.
падлабу́ніцца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; зак.
Разм. Падлашчыцца, падлізацца. Аўдзееў сапраўды баяўся, каб Дзікавіцкі, правяраючы ўлік маёмасці і грашовыя справы, не выявіў усіх яго грахоў. Таму ён і дзяжурыў цэлымі днямі ў канторы, стараючыся падлабуніцца да Дзікавіцкага. Дуброўскі.
падлабу́ньванне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. падлабуньвацца — падлабуніцца.