Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пацяга́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм.

1. Цягацца некаторы час. Таксама Уладзя да работы Больш, чым да кніжак, меў ахвоты: Любіў ён з цэпам завіхацца, Або па лесе пацягацца. Колас.

2. Памерацца сіламі; паспаборнічаць. — А давайце, Паўліна Сямёнаўна, пацягаемся, хто каго перагоніць, — прапанаваў сакратар. Дуброўскі. Адны [са шпакоў] падладжваліся пад жаваранкаў, другія — пад драздоў, а некаторыя спрабавалі нават пацягацца ў песенным майстэрстве з салаўямі. Курто.

пацяга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Перамясціць, перанесці куды‑н. усё, многае. Пацягаць усе дровы пад павець.

2. і без дап. Цягаць некаторы час. Пацягаць дровы. Пацягаць бараку па полі. □ То і пацягалі ж за свавольствы Лявонавага бацьку, ледзь у астрог не запякалі. Гурскі.

3. Пакрасці, прысвоіць сабе ўсё, многае. [Сомік:] — Усе ведаюць, што яны падлогу ў магазіне ўзадралі, ды дошкі пакралі, што яны снапы ў мяне з азярода пацягалі. Крапіва.

паця́гванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. пацягваць, пацягвацца.

паця́гвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да пацягнуцца (у 1 знач.).

2. Зал. да пацягваць.

паця́гваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што, за што і без дап.

1. Час ад часу, злёгку, паціху цягнуць. Ніна пацягвала з кубка чай, а Яроціха .. не пераставала гаварыць. Лобан. [Чалавек] раскурваў люльку: прыкрыў вялікім пальцам тытунь і дробна пацягваў з цыбука. Чорны. З-за Рамянкі пацягваў калючы вецер. Асіпенка. / у безас. ужыв. Там [у даліне] была ўжо засень, адтуль пацягвала вільготным халадком блізкай начы. Самуйлёнак.

2. Незак. да пацягнуць (у 8 знач.).

паця́гнуты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пацягнуць.

пацягну́цца, ‑цягнуся, ‑цягнешся, ‑цягнецца; зак.

1. Выпрастаць стомленыя ў аднастайнай паставе канечнасці, стан. Галас падняўся, пацягнуўся і пазяхнуў. Колас. У паясніцы нібы завесы заржавелі — не разагнуцца. Але пацягнешся моцна да хрусту касцей, лінеш на твар халоднай вады, пройдзеш разы два па хаце і сціхне патроху нудны боль у плячах. Крапіва. [Казік] выцягнуў з-пад посцілкі рукі і з асалодай пацягнуўся. Чарнышэвіч.

2. Падацца корпусам у якім‑н. напрамку, працягнуць руку, галаву да каго‑, чаго‑н. [Гаварушка] пацягнуўся яшчэ, каб злавіць яе [Ніны] руку, але яна адбеглася. Лобан. Васіль узняў галаву, і рука яго міжвольна пацягнулася да пісталета. Шашкоў. Перабіраючы адвіслымі губамі, да .. [Міколы] пацягнулася конская морда. Новікаў. // Пачаць цягнуцца ўгору, расці (пра расліны). І зямля наверх пагнала сокі З тых глыбінь, дзе дбайна берагла, І адразу ясакар высокі Пацягнуўся лісцем да святла. Кірэенка.

3. Пачаць рухацца, накіравацца ў адным напрамку цугам, чарадой. У калгасны склад паплылі цэмент, цвікі, жалеза, пацягнуліся фурманкі з лесам. Сергіевіч. Кароўкі ў парадку, адна за другою, пацягнуліся ў лес. Колас. Пераклікаючыся ў небе, роўнымі шнурамі пацягнуліся на поўдзень гусі. Скрыпка. // Павольна пайсці следам за кім‑, чым‑н., разам з кім‑н. Саўка з начальнікам пайшлі па вёсцы. Паліцэйскія пацягнуліся ўслед. Федасеенка. Табун павольна пацягнуўся за .. [Алесем]. Караткевіч. / Пра думкі, успаміны. Ну, скажы ты, якія чэпкія гэтыя ўспаміны! Успыхне ў памяці адно, за ім пацягнецца другое... Палтаран.

4. Павольна, з цяжкасцю пайсці; паплесціся. Міхал сабраўся, апрануўся і ў лес павольна пацягнуўся. Колас. // Пачаць павольна распаўсюджвацца, рухацца ў якім‑н. напрамку (пра дым, пыл і пад.). Чорныя шлейфы .. дыму [ад месераў] перакрыжаваліся і пацягнуліся да зямлі. Алешка. Гануля і не заўважыла, што не прыкруціла кноту, языкі агню пацягнуліся ўверх, пацямнела шкло. Гурскі.

5. Пачаць павольна, аднастайна праходзіць (пра дні, гадзіны, гады). Дні пацягнуліся аднастайныя, страшэнна падобныя адзін на другі. Навуменка.

6. Працягнуцца, размясціцца на вялікай адлегласці, прасторы, уздоўж чаго‑н. Абапал дарогі пацягнуліся шэрыя, апусцелыя палі. Гамолка. На многія кіламетры пацягнулася камяністая пустыня. Шыцік. // Быць працягнутым у якім‑н. напрамку. Вакол гарнізонаў .. пацягнулася павуцінне калючых дратоў. Брыль. // Пралегчы, выдзяляючыся на чым‑н. Па лужынах пацягнуліся бліскучыя сінія пісягі — ад масла і дыму. Пташнікаў. Гусіныя лапкі маршчакоў пацягнуліся на скроні. Алешка.

7. перан. Адчуць цягу, схільнасць да каго‑, чаго‑н. Ён першы загаварыў у Руднічах пра калгас і першы ўступіў у яго. За бацькам пацягнулася ўся бедната. Курто. Калі прыйшла канчатковая перамога, дзеці былых беднякоў пацягнуліся да навукі. Сергіевіч.

пацягну́ць, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак.

1. каго-што. Пачаць цягнуць каго‑, што‑н., прымушаючы рухацца. Паравоз, скрануўшы з месца вагоны, павольна пацягнуў іх за сабою. Арабей. Жанчына схапіла хлопчыка за руку і пацягнула да адчыненых дзвярэй аўтобуса. Каліна. Кандрат пацягнуў Андрэя за сабою, разам з цэпам, і спінаю прыціснуў Паўлюка ў кут. Караткевіч. / у безас. ужыв. Пакуль шынель не намок, Чыжык яшчэ трымаўся на паверхні. Потым яго пацягнула на дно. Няхай. // перан.; што. Выклікаць што‑н., з’явіцца прычынай узнікнення чаго‑н. Такіх дакументаў, якія маглі б пацягнуць за сабою арышты другіх асоб, Нявідны не меў звычаю насіць пры сабе. Колас. Як гэта часта бывае, адна добрая прапанова пацягнула за сабой новыя. Шыцік.

2. каго-што. Узяўшыся за каго‑, што‑н., прымусіць зрушыцца, скрануцца. [Андрэйка] ўскочыў на жэрдку плота, схапіў адно вудзільна, пацягнуў да сябе. Ваданосаў. [Ліда] пацягнула на сябе дзверы і сама выйшла на ганак — насустрач гэтаму ранняму госцю. Васілевіч. // што. Працягнуць, накіраваць. Да яго [сцяга] пацягнуў руку я, Поўны шчасця, тугі і любві. Бураўкін.

3. безас. перан.; каго. Пачаць хіліць, вабіць, прыцягваць; адчуць патрэбу, неабходнасць у кім‑, чым‑н. Спачатку мы перашэптваліся, потым стаміліся, пацягнула на сон. Няхай. [Лабановіча] пацягнула на свежае паветра, на волю. Колас. Пацягнула хутчэй дадому, да Андрэя. Як знойдзенага, абхапіла за шыю, заплакала. Лобан.

4. перан.; каго. Прыцягнуць да адказнасці. [Людміла:] — Іван Іванавіч... Дык вам жа небяспечна тут заставацца. Калі я пайду, — вас зноў могуць пацягнуць, арыштаваць могуць. Арабей.

5. безас. чым. Пачаць распаўсюджвацца; падзьмуць, павеяць. З Нёмана пацягнула прахалодай. В. Вольскі. Ад кастра пацягнула прыемным цяплом. Бяганская. З расчыненых дзвярэй пацягнула насустрач знаёмымі пахамі друкарскай фарбы і спрасаванай паперы. Хадкевіч.

6. што і чым. Набраць, уцягнуць у сябе (паветра, дым і пад.). Лось узняў угару пакручастыя рогі і моцна пацягнуў у сябе паветра. Няхай. Ганька пацягнула носам. Смачна пахне гарачымі блінцамі. Трэба хутчэй уставаць! Васілевіч. // Курачы, зрабіць зацяжку. [Мароз] выняў з шуфляды запалку, пакарпаў ёю ў люльцы і .. зноў пацягнуў. Лобан. // чаго і без дап. Выпіць, цягнучы патроху. Салдат зноў дрыжачымі губамі пацягнуў кіпню. Лобан. // чаго і без дап. Разм. Выпіць чаго‑н. спіртнога. [Ладымер:] Хаця каб ён не выпіваў. А то ён часта пацягнуць любіць. Чорны.

7. чым. Слізгануць чым‑н. па паверхні; правесці. [Хвядос] адчуў, як невядомы абапёрся яму на плечы і нечым мокрым пацягнуў па твары. Скрыпка. Бруском пацягнуў [Міхал] разоў дваццаць, паклаў яго назад, сякеру заткнуў за папружку. Чорны. // Разм. Ударыць. З лесніком жарты малыя, яму нічога не значыць пацягнуць па спіне дубцом за самавольства. Асіпенка. — Вось лазіною пацягну каторую — перастанеце пустое малоць. Мыслівец.

8. што. Пакрыць паверхню чаго‑н. тонкім слоем якога‑н. рэчыва. Пацягнуць падлогу лакам. // Пакрыць, абшыць паверхню вопраткі якім‑н. матэрыялам. [Маці] збіралася яшчэ на зіму «пацягнуць» фуфайку кортам. Пташнікаў.

9. Накіравацца ў якім‑н. напрамку. Пакружыўся [бусел] над сваім гняздом, Адзінокі ў вырай пацягнуў. Астрэйка. Хмара здаволілася ліць, як з вядра, і пацягнула на лес. Грамовіч.

10. Паказаць пры ўзважванні пэўную вагу; заважыць. Нарэшце агурок з грады ўрачыста знялі. Калі ж яго на вагі ўсклалі, Ён пацягнуў прыблізна пуд! Корбан.

11. Разм. Справіцца з якой‑н. работай, даручанай справай. Цяпер .. [Алёшку] паставілі на брыгаду, якую толькі што ўзбуйнілі, і лічылі, што ён пацягне. Кухараў.

12. колькі. Разм. Пражыць, працягнуць. — Ці доўга я яшчэ, доктар, пацягну? — запытаў Кручынін. С. Александровіч.

13. каго-што. Разм. Украсці, сцягнуць каго‑, што‑н.

•••

Ног не пацягнуць — не магчы скрануцца з месца ад стомы.

Пацягнуць за язык каго — прымусіць сказаць, вымавіць што‑н.

пацяжэ́лы, ‑ая, ‑ае.

Які пацяжэў, зрабіўся цяжкім або цяжэйшым. Адам стомлена апусціў пацяжэлую ад гарачыні галаву. Вышынскі.

пацяжэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.

1. Зрабіцца цяжкім, цяжэйшым. Налітыя сокам каласы схіліліся долу і, абмытыя вячэрняй расой, пацяжэлі. Чарнышэвіч. // Стаць грузным, цяжкім. Хада .. [Грэчкі] пацяжэла. Мележ.

2. Стаць вялым, страціць рухомасць (ад болю, стомленасці і пад.). Хоць пацяжэлі рукі, цела, ногі І ўжо узняцца мы не мелі змогі, А вочы пільна паглядалі ўдалеч. А. Астапенка.