пахо́д, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Перамяшчэнне якога‑н. арганізаванага атрада людзей з пэўнымі мэтамі, заданнем. Турысцкі паход. □ Пасля трох дзён марскога паходу ўсім хацелася хутчэй ступіць на бераг. Хомчанка. Сотню коннікаў, сотню пяхоты, абоз і фурманкі з параненымі — усё гэта, як суцэльную баявую адзінку, трэба было зберагчы ад разгрому. Гэта быў цяжкі, марудны паход. Брыль. Адабраўшы дваццаць пяць самых дужых партызан, Рыгор загадаў рыхтавацца да выступлення ў паход. Барашка. // Разм. Арганізаванае наведванне чаго‑н. або выхад куды‑н. Гэты наш першы паход у кіно з’явіўся пачаткам многіх паходаў. Ракітны. — Вось добрая прапанова, — падтрымлівае .. [Краўчанка] маладога рабочага, — арганізаваць паход на руднік. Мікуліч.
2. Ваенныя дзеянні, аперацыі супраць каго‑, чаго‑н.; ваенная кампанія. Пасля правалу двух паходаў Антапты, разгрому Калчака і Дзянікіна міжнародны імперыялізм зрабіў новую спробу задушыць маладую Савецкую дзяржаву. «Звязда». [Юстын] апавядаў мне пра паход Напалеона. Бядуля. // перан. Арганізаваныя дзеянні, накіраваныя на барацьбу з кім‑, чым‑н. Паход за эканомію і беражлівасць.
3. Разм. Невялікі лішак (у вазе, суме і пад.). Я вывернуў мех і падаў Зусю. Ён насыпаў мукі і, зважыўшы яе на шалях, сказаў мне: — Глядзі, які пуд, яшчэ з паходам. Сабаленка.
•••
Крыжовы паход (гіст.) — захопніцкі паход феадалаў Заходняй Еўропы ў 11–13 стст., які праводзіўся па пачыну каталіцкай царквы ў краіны Блізкага Усходу, у Прыбалтыку супраць славянскіх народаў ва Усходняй Еўропе пад лозунгам барацьбы з «нявернымі», ерэтыкамі і пад.
пахо́джанне, ‑я, н.
1. Прыналежнасць па нараджэнню (да якой‑н. нацыі, народнасці, класа і пад.). Беларус па паходжанню. □ Ён па прафесіі — рабочы, А па паходжанню — латыш. Колас. [Генерал] ганарыўся сваім паходжаннем, сваімі ваеннымі ведамі. Шамякін.
2. Узнікненне, утварэнне чаго‑н. Паходжання жыцця на зямлі. Паходжанне мовы. □ На выгане, ля самай Каменні, узвышаюцца зялёныя курганы. Ніхто не ведае іх паходжання. Жычка.
пахо́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Тое, што і пахаджаць. Ля самай вады спаважна паходжвалі фіялетавыя гракі. Савіцкі.
пахо́дзіць, ‑ходжу, ‑ходзіш, ‑ходзіць; незак., з каго-чаго, ад каго-чаго.
1. Належаць па нараджэнню да якога‑н. класа, нацыі, народнасці і пад.; весці ад каго‑н. сваё паходжанне. Лабановіч паходзіць з беднай сялянскай сям’і. Пшыркоў. Драздовіч сам паходзім са шляхты, але не выхваляўся гэтым. Машара.
2. Узнікаць, утварацца ад чаго‑н. Як вядома, назвы многіх гарадоў паходзяць ад назваў рэчак, на якіх яны стаялі. Штыхаў. Атрымалася аповесць з дзіўнай назвай [«Апошні зверыядавец»], што паходзіць ад мянушкі, якую мелі былыя выхаванцы кадэцкага корпуса. Кучар.
3. на каго-што. Быць падобным да каго‑, чаго‑н. [Васіль] ва ўсім стараўся паходзіць на дарослага, пераймаў павольныя рухі бацькі Мірона, яго манеру гаварыць, трымацца з людзьмі. Лынькоў. [Аня] паходзіла больш на нязграбнага хударлявага падлетка, чым на дарослую дзяўчыну. Васілевіч.
пахо́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
Манера хадзіць; хада. Ішоў чалавек паволі, стомленай паходкай. Чорны. Стаў я іншым, суровым, Стаў новым ад ног да пілоткі, Чалавекам вайсковым, — Былой не пазнаеш паходкі. Куляшоў.
пахо́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да паходу, уласцівы яму; такі, які бывае ў паходзе. Была нават свая паэзія і хараство ва ўсёй гэтай бязладнай абстаноўцы ваеннага паходнага жыцця. Колас. Ішла нястройнымі паходнымі калонамі пяхота. Мележ. Байцы Чырвонай Арміі Ідуць паходным маршам. Купала. // Прызначаны для паходу. Паходная палатка. □ Шафёр сеў на пяньчук і стаў моўчкі завязваць свой паходны мяшок. Кулакоўскі. Малым прысніўся дзіўны сон, Што нехта, ў шынялі паходным, Прыйшоў, як бацька, сеў на ўслон І стаў пытаць пра ўсё лагодна. Танк.
2. Які бывае, знаходзіцца пры войску, экспедыцыі і пад.; перасоўны. Паходны шпіталь. Паходная радыёстанцыя. □ На дзядзінцы дымілася паходная кухня, а каля яе стаялі салдаты з медзянымі кацялкамі. Грахоўскі.
пахо́дня, ‑і, ж.
Уст. Пераносная свяцільня ў выглядзе ліхтара на доўгай палцы або наматанага на канец палкі прасмоленага пакулля; факел. На двары, у падмёрзлым снезе, пераступалі капытамі коні. Рыпелі палазы. Асветленыя ліхтарамі і паходнямі, сноўдалі сюды-туды людзі. Караткевіч. Людзі распалілі вогнішчы, бегалі вакол іх з паходнямі, шумелі, крычалі, стралялі ў паветра, пускалі ў вячэрняе неба ракеты, каб напалохаць іх [зуброў] і разагнаць, але ўсё было дарэмна. В. Вольскі.
пахрабры́цца, ‑руся, ‑рошся, ‑рыцца; зак.
Храбрыцца некаторы час. Пахрабрыцца для выгляду.
пахрабрэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.
Зрабіцца храбрым, храбрэйшым.
пахрабуста́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Разм.
1. З’есці з хрустам усё, многае. Пахрабустаць усе яблыкі.
2. і без дап. Храбустаць некаторы час.