Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

па́тлы, ‑аў; адз. няма.

Разм. пагард. Доўгія нерасчасаныя валасы; кудлы.

патойбако́вы, ‑ая, ‑ае.

У рэлігійна-містычных уяўленнях — які існуе за межамі зямнога жыцця, незямны; тагасветны. Патойбаковы свет. □ [Рэлігія] вучыць клапаціцца не пра рэальнае зямное жыццё, а пра неіснуючае, патойбаковае. «Полымя».

пато́к, ‑у, м.

1. Ручай або рака, звычайна з вузкім рэчышчам, камяністым ці жвірыстым дном і бурным імклівым цячэннем. Града камення загароджвала шлях вадзе, і разгневаны паток дыбіўся, лез на кам[яні]. Шамякін. Няўжо магчыма, каб з такой Крынічкі вырас пакрысе Паток і слаўнай стаў ракой? Кірэенка. // чаго і без дап. Вялікая колькасць вадкасці, якая імкліва цячэ. А на другі дзень пайшоў дождж. Мутныя патокі сцякалі па шыбах вагончыка, шумелі па даху. Даніленка. [Дзеці] бегалі басанож па вадзе, крычалі, смяяліся, пакуль новы паток ліўня не разганяў іх па дварах. Бяганская. Кроў гарачым патокам ў жылах пераліваецца... Бядуля. // чаго або які. Маса паветра, святла, гукаў і пад., якія распаўсюджваюцца ў пэўным напрамку. Паветраны паток. □ А на дварэ дзень быў цудоўны: ласкавае чэрвеньскае сонейка лілося ў вокны патокамі цяпла і святла. Сабаленка.

2. перан. Вялікая колькасць каго‑, чаго‑н., што ідзе, рухаецца ў адным напрамку. Гаманлівы людскі паток хлынуў па лесвіцы з другога паверха ў вестыбюль да выхаду. Хадкевіч. Па тратуарах рухаліся патокі людзей, паўз іх прабягалі аўтобусы і тралейбусы. Дубоўка. Журавы развярнуліся ў клін. Ззаду адзін прыкметна асядаў, намагаўся ўздымацца вышэй, у сяброўскі паток. Брыль. Па доўгай і шырокай вуліцы бясконцым патокам ідуць грузавікі і легкавыя машыны розных марак. В. Вольскі.

3. перан.; чаго або які. Вялікая група навучэнцаў, з якой праводзяцца заняткі ці экзамены ў пэўнай чарговасці з іншымі падобнымі групамі. [Цімка:] — Яна [Рая] пасля першай тройкі забрала дакументы і, здаецца, здавала ў другім патоку ў медыцынскі. Карпаў. // Вялікая колькасць чаго‑н., група, аб’яднаная пэўнымі агульнымі рысамі. Другі, больш значны паток цюркізмаў, непасрэдна запазычаных беларускай мовай, адносіцца да перыяду Крымскага ханства і Турэцка-асманскай імперыі. Жураўскі.

4. Спец. Бесперапыннасць вытворчасці.

пато́ка, ‑і, ДМ ‑тоцы; ж.

Уст. Паток. І скрозь па асфальце, куды б мы ні ехалі, Пшаніцы і жыта патока плыла. Лужанін. І скрозь патоку слёз, перарываючы голас, Якім кляўся, прысягаў, прасіў. Нікановіч.

патокападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Падобны да патоку.

пато́лаг, ‑а, м.

Урач, спецыяліст па паталогіі.

патолагаана́там, ‑а, м.

Спецыяліст па паталагічнай анатоміі.

пато́ля, ‑і, ж.

1. Спачувальныя адносіны да слабейшых; спагада. Злосць.. вяла проста туды, дзе можна было прыткнуцца да другога, надзейнага чалавека, знайсці нейкую апору, нейкую патолю. Мележ.

2. Патуранне, патаканне. [Бацька:] — Ты будзеш яшчэ даваць яму [сыну] патолю!.. Баранавых.

3. Задаволенасць, супакоенасць. Чакала [Галя] ўвесь канец лета, усю восень, і от ужо сярэдзіна зімы, але ні час, нішто не неслі ёй патолі. Сабаленка. Не прынесла, аднак, патолі паэту і тое, «што прайшло, мінула». Лойка.

пато́мак, ‑мка, м.

Тое, што і нашчадак. Пакінем спадчыну мы для патомкаў Інакшую ад той, Што ўзялі мы ад продкаў на абломках Гісторыі сваёй. Купала.

пато́мны 1, ‑ая, ‑ае.

1. Наследны, радавы. Патомны маёнтак.

2. Які ад роду належыць да якога‑н. саслоўя; прыродны. Патомны дваранін, Вярсенеў зразумеў вялікую справядлівасць народнай барацьбы і ўбачыў у рэвалюцыі не разбуральную, а стваральную сілу. Сяргейчык. // Які належыць да сям’і, што ўвесь час займаецца пэўнай справай, пэўным рамяством. Патомны сталявар. Патомны рыбак.

пато́мны 2, ‑ая, ‑ае.

Які робіцца, праводзіцца па тамах, па кожным томе асобна. Патомнае выданне.