паме́ншыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., што.
Зрабіць меншым па велічыні, аб’ёму, колькасці. Паменшыць выдаткі. □ Эмілія з усмешкай казала далей. — Я нават пераканала.. [гаспадара], што нам за рамонт варта паменшыць плату. Маўр. // Зрабіць меншым па ступені, сіле праяўлення; аслабіць. Гаравы.., абхапіўшы галаву рукамі, задумаўся, а можа саграваў далонямі скроні, каб паменшыць боль. Асіпенка. Каб горыч паменшыць разлукі, Галубяць і песцяць у сне, Вясёлыя мілыя рукі. Астрэйка.
паме́р, ‑у, м.
1. Велічыня чаго‑н. у адным або некалькіх вымярэннях. У сасновым бары, каля самай сядзібы запаведніка, выдзелены для.. [гадавальніка] участак зямлі, памерам у адзін гектар. В. Вольскі. Без канца і меры.. [дрэўцы] рассявала тут усюды старая таполя, памераў незвычайных. Чорны.
2. Ступень развіцця, велічыня, маштаб якой‑н. з’явы, здарэння і г. д. Аляксей падумаў, якія вялізныя памеры наступлення і — колькі тут войск, людзей, што .. нецярпліва, парыўна яшчэ чакаюць сваёй пары!.. Мележ. Бадай што няма большай небяспекі, чым тая, памераў якой яшчэ не ведаеш. Карпюк.
3. Мерка, нумар якога‑н. прадмета. З раніцы да позняга вечара топчуць.. [двор] падэшвы чаравікаў самых розных фасонаў і памераў — ад 18‑га да 38‑га нумару. Жычка.
4. Спец. Камбінацыя тых ці іншых элементаў (націскных і ненаціскных або доўгіх ці кароткіх складоў), якая паўтараецца ў вершы і з’яўляецца асновай вершаванага рытму. Перабрана мноства класічных памераў ад ямба да анапеста. У. Калеснік. Кожная з дарэвалюцыйных паэм Купалы пісалася адным намерам. Бярозкін. // Тая ці іншая колькасць і размяшчэнне рытмічных адзінак у музыкальным такце, якія ўтвараюць рытмічны лад музычнага твора.
паме́раны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад памераць (у 1–3 знач.).
паме́рацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Зак. да мерацца (у 1, 2 знач.).
паме́раць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; заг. памерай; зак.
1. каго-што. Вызначыць пры дапамозе якой‑н. меры велічыню, колькасць чаго‑н. Буткевіч агледзеў памяшканне, памераў яго крокамі ўдоўж і ўшыркі. Чарнышэвіч. Вера прынесла халат, памерала ў салдата тэмпературу. Алешка. [Рыгор:] — Зямлю трэба памераць.. У спісах толькі дваццаць пяць дзесяцін стаіць, а тут яе шмат больш. Крапіва.
2. што. Надзець што‑н. з мэтай прымеркі. [Гаспадыня:] — Памерайце яшчэ вось гэтае паліто... Яна выцягнула з шафы новае, прыгожа зробленае цёплае паліто мужа. Новікаў. Галя хуценька зняла з вешалкі сукенку і памерала на сябе. Сабаленка.
3. што. Вымераць усё, многае.
4. і без дап. Мераць некаторы час.
паме́рзнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. памёрз, ‑мерзла; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Загінуць ад марозу — пра ўсё, многае або ўсіх, многіх. Кветкі памерзлі ад марозу.
2. Прабыць некаторы час на марозе, на холадзе. Той, хто столькі, як я, памёрз На скрыжаваннях дарог і вёрст, Не здолее ўседзець у цішыні Пры цёплым хатнім агні. Панчанка.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Моцна азябнуць, змерзнуць — пра ўсё, многае або ўсіх, многіх. [Марцін:] — Ідзі, далажы... І няхай прышлюць змену, а то мы памерзлі ўжо. Пестрак. Віктар і Ларыса стаялі ў той вечар.., пакуль ногі ў іх не памерзлі. Кулакоўскі.
памеркава́цца, ‑мяркуюся, ‑мяркуешся, ‑мяркуецца; зак.
Прыйсці да ўзаемнага пагаднення; паладзіць. [Красуцкі:] — Калі б вы.. [варывеньку] пусцілі мне на лета, дзядзька Кірыла, то я б сюды прывёз свае прычындалы.. Клопату вялікага вам не зраблю.. Памяркуемся грашыма ці якім другім спосабам. Скрыган.
памеркава́ць, ‑мяркую, ‑мяркуеш, ‑мяркуе; зак.
1. Усебакова разгледзець, абдумаць што‑н., дзелячыся сваімі думкамі, меркаваннямі. [Бацька:] — Вось мы са Сцяпанам Іванавічам памеркавалі і вырашылі, што табе няма чаго ісці адсюль. Новікаў. [Васіль:] — Давай, Маша, разам памяркуем, ці трэба ён, гэты твой подзвіг? Шамякін.
2. Падумаўшы, разважыць, прыйсці да якога‑н. вываду. — Падумаў, памеркаваў [дырэктар], а потым загад: заараць канюшыну! І зааралі. Кулакоўскі.
паме́рклы, ‑ая, ‑ае.
Няяркі, цьмяны. З.. [узгорка] адкрыўся знаёмы малюнак, крыху памерклы пры заходзячым сонцы. Шахавец.
паме́ркнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. памеркнуў, ‑нула і памерк, ‑ла; зак.
1. Страціць паступова яснасць, яркасць; пацямнець. Памерк дзень, пагас. Колас. Марознаю стынню паветра дрыжыць, Памеркла ад сцюжы гара... Кляшторны.
2. перан. Страціць жыццярадаснасць, весялосць. Рагатуха, якая так кідалася ў вочы здалёк сярод іншых дзяўчат, раптам памеркла, зрабілася сціплай і ціхай школьніцай. Карпюк.
3. перан. Страціць сэнс, значэнне. Жыццё неяк памеркла адразу, стала шэрым, панурым. Лынькоў.