Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пакарпе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Карпець некаторы час. Пакарпеў у майстэрні [над радыёпрыёмнікам], і Мінск у навушніках пачуў. Калачынскі.

пакарчава́ць, ‑чую, ‑чуеш, ‑чуе; зак., што.

1. Выкарчаваць усё, многае. Пакарчаваць усе пні.

2. і без дап. Карчаваць некаторы час.

пакарчане́ць, ‑ее; ‑еем, ‑ееце, ‑еюць; зак.

Разм. Закарчанець — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Дзеці пакарчанелі. Рукі пакарчанелі.

пакарыста́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Карыстацца некаторы час. Дзямід Сыч сказаў, што ён паслаў ліст у абком партыі з просьбай, каб яму дазволілі пакарыстацца захаванай ім машынай яшчэ тыдзень. Паслядовіч.

2. Выкарыстаць што‑н. у сваіх мэтах. Язэпка дастаў з кішэні крэсіва. Так і не давялося яму пакарыстацца ім у дарозе! Якімовіч. Я ведаў, што Майбарада пакарыстаецца нашай паездкай, каб нарэшце выказаць усе крыўды ў абставінах, так сказаць, не службовых. Скрыган.

пакары́цель, ‑я, м.

Той, хто пакарае каго‑, што‑н. Пакарыцелі цаліны. □ Як вадалаз, спіць моцным сном Вышынь нябесных пакарыцель. Аўрамчык.

пакары́цца, ‑каруся, ‑корышся, ‑корыцца; зак., каму-чаму.

1. Падпарадкавацца чыёй‑н. сіле, уладзе, выявіўшы пакорлівасць. [Адам:] — Ёсць, брат, у горадзе людзі, якія не пакарыліся і не пакарацца нахабным заваёўнікам... Якімовіч. // перан. Паддацца чыім‑н. намаганням, стаць асвоеным. У [свідравіны], якія былі прабураны вакол ствалоў, пусцілі мароз, і злосныя плывуны пакарыліся. Кулакоўскі. Каб быць пакарыцелем свету, Не толькі зямлёю трэба ўладаць, А трэба ўзняцца На сінюю гладзь — І неба павінна табе папарыцца! Чарот.

2. Змірыцца з чым‑н., адмовіўшыся ад барацьбы. Ты не спяшайся лёсу пакарыцца: Пакліч мяне. Пакліч. І я прыйду. Чэрня.

пакары́ць 1, ‑кару, ‑корыш, ‑корыць; зак., каго-што.

1. Сілай, прымусам падпарадкаваць сваёй уладзе; заваяваць. Лютым ворагам не ўдасца Ланцугамі, чорнай здрадай, Пакарыць, закуць навекі Слаўных сокалаў Элады. Танк. // перан. Асвоіць што‑н., авалодаць чым‑н. Глыбіню азёр і сілу рэк, Нават сонца яснае і зоры — Пакарыў упарты чалавек. Броўка.

2. Моцна ўздзейнічаць, падпарадкаваць сабе. Зморанага, пасля душэўных пакут, .. [Пятра] вельмі расчуліла і пакарыла ласкавасць Любы і гаспадыні. Шамякін. — Вось яна, сіла праўды і ўпэўненасці, якая павінна пакарыць увесь свет, — нібы сам сабе прамовіў Карэджы. Маўр. // перан. Выклікаць сімпатыю, давер. Хлопцы і не падазравалі, што радыстка мяне пакарыла больш як каго, толькі я гэта старанна хаваў. Карпюк.

пакары́ць 2, ‑кару, ‑корыш, ‑корыць; зак., што.

Акарыць усё, многае. Пакарыць усё бярвенне.

пакарэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. пакарыць ​1.

пакасава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., што.

Разм. Пакрэсліць, закрэсліць усё, многае. Пакасаваць напісанае.

пакасі́цца, ‑кашуся, ‑косішся, ‑косіцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць касым (у 2 знач.); перакасіцца, пакрывіцца. Месцамі штыкетнік .. пакасіўся. Шыловіч. — Трэці год за вёскай на пяску чатыры шулкі стаяць, пачарнелі І пакасіліся ад дажджу і часу... Ракітны.

2. Паглядзець скоса. Уласюк закурыў папяросу, пакасіўся на цёмны куток пакоя. Колас. Сіняўскі падкруціў чорныя вусы, пакасіўся на камандзіра. Алешка.