пабранзава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак., што.
Пакрыць слоем бронзы. Пабранзаваць статуэтку.
пабранзаве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Набыць колер бронзы. Пабранзавелі шышкі на сасне.
пабра́тацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Стаць пабрацімамі.
2. Уступіць у цесныя, сяброўскім адносіны; пасябраваць. Хлопчык хутка з .. [Зорыным] пабратаўся і цягаў ужо яго за нос і вушы. Гурскі.
пабраха́ць, ‑брашу, ‑брэшаш, ‑брэша; зак.
Брахаць некаторы час. Недзе пабрахалі сабакі і змоўклі. □ [Ганка:] — Паміж намі кажучы, лаюць Станіслава Цітавіча. А я так думаю.. Пабрэшуць, як той казаў, і перастануць. Асіпенка.
пабраці́м ‑а, м.
Той, хто звязаны з кім‑н. пабрацімствам; названы брат. Паклялася сталіцы Пабрацімаў сям’я... Бялевіч. // Разм. Самы блізкі друг, таварыш. Алёша гатовы быў заплакаць. Ад шчасця, ад радасці за сябе, за свой хор, за сваіх пабрацімаў. Нядзведскі.
пабраці́мства, ‑а, н.
Старажытны славянскі звычай узвядзення блізкай дружбы ў ступень брацтва, які суправаджаўся пэўным абрадам. Пабрацімства воінаў.
пабра́цца, ‑бяруся, ‑бярэшся, ‑бярэцца; ‑бяромся, ‑берацеся; зак.
1. Узяцца за што‑н. (пра двух або некалькіх асоб). Трэба было з’ехаць з гары. Гара была высокая, стромая. Сёмка з Марцінам пабраліся за аглоблі. Колас. [Надзя і Барыс] пабраліся за рукі і павольна пайшлі па агародах. М. Ткачоў.
2. Разм. Пажаніцца; стаць мужам і жонкай. Гэтую бярозу пасадзіў Андрэй, яе [Алены] чалавек, калі яны пабраліся. Мележ.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ператварыцца ў што‑н., набыць іншы выгляд у многіх месцах. Валасы пабраліся сівізною. □ Вада шырока разальецца, І снег на кашу пабярэцца. Колас. Ад сонца, ад дажджоў фанера парэпалася, пабралася парахнявымі пухірамі. Лынькоў.
4. Абл. Пайсці, выправіцца куды‑н. І я, не чакаючы, калі адыдзе цягнік, памалу пабраўся назад, у вёску. Сачанка. Са слязамі на вачах, паўз сценку, старая .. пабралася ў сенцы. Жук.
пабра́ць, ‑бяру, ‑бярэш, ‑бярэ; ‑бяром, ‑бераце; зак., каго-што.
Узяць, забраць усё, многае або ўсіх, многіх. Пабраць усе рэчы. Пабраць усіх у палон. □ Людзі пабралі сваё дабро ды падаліся ў лес ад вайны хавацца. Якімовіч. [Люба:] Апусцела вёска. Усю моладзь пабралі. Каго на фронт, а каго ў турму. Козел.
пабро́снець, ‑ее; зак.
Пакрыцца бросняю, заброснець. Сажалкі паброснелі.
пабру́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што.
Запэцкаць, забрудзіць усё, многае. Рукі пабрудзіш — вадою адмыеш, душу забрудзіш — і мылам не адмыеш. Прыказка.