Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

насіласава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., чаго.

Ператварыць у сілас (у 1 знач.). Насіласаваць кукурузы дваццаць тон.

насі́лкі, ‑лак; адз. няма.

Прыстасаванне для пераноскі грузаў або людзей (звычайна складаецца з дзвюх жэрдак з драўляным або палатняным насцілам). Санітарныя насілкі. □ Дзяўчаты падносілі на насілках копы. Шамякін.

насі́лле, ‑я, н.

1. Прымяненне фізічнай сілы. Пратэст супраць грубага насілля. Сляды насілля на целе.

2. Прымусовае ўздзеянне на каго‑н. для дасягнення сваёй мэты. Дыктатура ёсць панаванне часткі грамадства над усім грамадствам і прытым панаванне, якое апіраецца непасрэдна на насілле. Ленін. // Злоўжыванне сваёй уладай; прыцясненне. Разбурыць лад насілля і зла.

•••

Непраціўленне злу насіллем гл. непраціўленне.

насі́лу, прысл.

З вялікімі цяжкасцямі, ледзь-ледзь. Насілу дайсці. Насілу ўратавацца. □ Перадрыжала бедная Аленка на экзаменах. Насілу-насілу паступіла. Колас.

насі́лы, ‑сіл; адз. няма.

Жэрдкі без насцілу для пераноскі сена ў копах. [Міхась і Алена] падсадзілі насілы пад капы і панеслі яе з балота на поплаў. Дайліда. Мужчыны і жанчыны трымалі ў руках граблі, вілы, з кожнага воза тырчалі насілы. Сабаленка. // Тое, што і насілкі. Маленькая купка людзей стаяла... Астатнія цягнуліся па снезе, несучы на самаробных насілах параненых і забітых. Караткевіч.

насі́льны 1, ‑ая, ‑ае.

Які прызначаецца для штодзённага нашэння (пра адзенне).

насі́льны 2, ‑ая, ‑ае.

Які ажыццяўляецца шляхам насілля.

насі́льшчык, ‑а, м.

Чалавек, які носіць багаж на вакзалах і прыстанях. Не паспелі пасажыры сысці на бераг, як на іх з усіх бакоў, нібы чайкі на хлеб, пачалі накідвацца насільшчыкі. Філімонаў. // Чалавек, які займаецца пераноскай чаго‑н. Насільшчыкі мэблі.

насіні́ць, ‑сіню, ‑сініш, ‑сініць; зак.

1. што. Зрабіць сінім; густа падсініць. Насініць кофтачку.

2. чаго. Падсініць нейкую колькасць чаго‑н. Насініць бялізны.

насі́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да насініць.

насі́цца, насіўся, носішся, носіцца; незак.

1. Тое, што і несціся ​1 (у 1 знач.), але абазначае рух у розных напрамках, працяглы, у розны час. [Камандзір] насіўся ўдоўж лініі фронта пад жорсткім агнём. Брыль. Над нізкім іржышчам .. насіліся шпакі. Пташнікаў. Цэлымі днямі .. [Косцік] насіўся з сябрамі вакол азярца, што шапацела хвалямі за вёскай. Даніленка. // Хутка перамяшчацца (пра вецер, хмары, пыл і пад.). Па-над полем носіцца гуллівы лёгкі вецер. Галавач.

2. перан. Разносіцца, распаўсюджвацца (пра гукі, чуткі, пахі і пад.). Насіліся па лесе нейкія таемныя гукі. Лынькоў. Цераз паўгадзіны па ўсім Бродзе насіліся чуткі пра вайну. Баранавых. Над поплавам носіцца пах свежазгрэбенага сена. Галавач.

3. Быць, знаходзіцца ў нашэнні. Паліто добра носіцца. □ [Дзядзька] нават раіўся з Толем, якую падэшву лепш, паставіць пад бот, каб ён даўжэй насіўся. Даніленка. // Быць ва ўжыванні, у модзе. Універсітэцкі значок носіцца з правага боку.

4. Разм. Празмерна захапляцца кім‑, чым‑н.; вельмі многа думаць, клапаціцца аб кім‑, чым‑н. Насіцца з ідэяй. □ [Галя:] — Не раўнуючы, як хлапчанё якое, з авантурамі рознымі носіцца. Можа яно і не авантура, можа ён [Ігнат] проста кепікі нада мной строіць. Лынькоў. // Надаваць вялікае значэнне, удзяляць шмат увагі чаму‑н. — І вось бачыш, — .. [Сяргей] паказаў на нагу, — нашуся цяпер з ёй, як з цацкай. Сіўцоў.

5. Разм. Задавацца. Ён, Юрка, паказаў бы таму Чаркашыну... Ён нават не ведае, што зрабіў бы... Але хай Чаркашын надта не носіцца... Юрка яму яшчэ не даруе. Пташнікаў.

•••

Насіцца ў паветры — пра блізкі надыход чаго‑н.