насіцца, насіўся, носішся, носіцца; незак.
1. Тое, што і несціся 1 (у 1 знач.), але абазначае рух у розных напрамках, працяглы, у розны час. [Камандзір] насіўся ўдоўж лініі фронта пад жорсткім агнём. Брыль. Над нізкім іржышчам .. насіліся шпакі. Пташнікаў. Цэлымі днямі .. [Косцік] насіўся з сябрамі вакол азярца, што шапацела хвалямі за вёскай. Даніленка. // Хутка перамяшчацца (пра вецер, хмары, пыл і пад.). Па-над полем носіцца гуллівы лёгкі вецер. Галавач.
2. перан. Разносіцца, распаўсюджвацца (пра гукі, чуткі, пахі і пад.). Насіліся па лесе нейкія таемныя гукі. Лынькоў. Цераз паўгадзіны па ўсім Бродзе насіліся чуткі пра вайну. Баранавых. Над поплавам носіцца пах свежазгрэбенага сена. Галавач.
3. Быць, знаходзіцца ў нашэнні. Паліто добра носіцца. ▪ [Дзядзька] нават раіўся з Толем, якую падэшву лепш, паставіць пад бот, каб ён даўжэй насіўся. Даніленка. // Быць ва ўжыванні, у модзе. Універсітэцкі значок носіцца з правага боку.
4. Разм. Празмерна захапляцца кім‑, чым‑н.; вельмі многа думаць, клапаціцца аб кім‑, чым‑н. Насіцца з ідэяй. ▪ [Галя:] — Не раўнуючы, як хлапчанё якое, з авантурамі рознымі носіцца. Можа яно і не авантура, можа ён [Ігнат] проста кепікі нада мной строіць. Лынькоў. // Надаваць вялікае значэнне, удзяляць шмат увагі чаму‑н. — І вось бачыш, — .. [Сяргей] паказаў на нагу, — нашуся цяпер з ёй, як з цацкай. Сіўцоў.
5. Разм. Задавацца. Ён, Юрка, паказаў бы таму Чаркашыну... Ён нават не ведае, што зрабіў бы... Але хай Чаркашын надта не носіцца... Юрка яму яшчэ не даруе. Пташнікаў.
•••
Насіцца ў паветры — пра блізкі надыход чаго‑н.