Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (2002, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

дзіва, ✂, н. (разм.).

Тое, што выклікае здзіўленне, цуд.

  • Што за д.?
  • Вось гэта дык д.!

◊

  • Дзіва дзіўнае (разм.) — вялікае дзіва.

  • Дзіву давацца (разм.) — моцна здзіўляцца.

  • На дзіва (разм.) — надта добра (удацца, выйсці, атрымацца).

дзівак, ✂, м.

Чалавек з незвычайнымі схільнасцямі, звычкамі, поглядамі; арыгінал.

  • Вунь чаго натварыў гэты д.

|| ж. дзівачка, ✂.

дзівакаваты, ✂ (разм.).

Дзівацкі, з дзівацтвамі (пра чалавека).

  • Д. дзед.

|| наз. дзівакаватасць, ✂.

дзівасіл, ✂, м.

Травяністая шматгадовая расліна сямейства складанакветных з вялікім прадаўгаватым лісцем і жоўтымі кветкамі; корань дзівасілу выкарыстоўваецца ў медыцыне.

|| прым. дзівасілавы, ✂.

дзівацкі, ✂.

Уласцівы дзіваку.

  • Д. ўчынак.

|| наз. дзівацтва, ✂.

дзівіцца, ✂; незак.

  1. Прыходзіць у здзіўленне.

    • Лесаруб дзівіўся з сына, як той карчуе пні.
    • Вераб’і і тыя дзівяцца з цябе.
  2. Захапляцца. Ён дзівіўся чысцінёй вуліц і парадкам.

  3. Зайздросна здзіўляцца.

    • Дзіўлюся вашай настойлівасці і ўмельству.
  4. Любавацца, углядаючыся.

    • Кожную ночку на зорку дзіўлюся.

дзівіць, ✂; незак.

Выклікаць здзіўленне, рабіць моцнае ўражанне.

  • Хірурга дзівіла цярплівасць раненага.
  • Яна прыгажосцю дзівіла.

дзівосны, ✂.

  1. Незвычайны, казачна-дзіўны.

    • На вокнах дзівосныя ўзоры пакінуў мароз.
  2. Цудоўны, непараўнальны па хараству.

    • Дрэвы стаялі ў сваім дзівосным жоўта-барвовым убранні.
    • Дзівосна (прысл.) гучала жалейка.
  3. Вельмі добры, выдатнай якасці.

    • Ад дзівоснай стрэльбы вачэй не адарваць.

|| наз. дзівоснасць, ✂.

дзіда, ✂, ж. (уст.).

  1. Старадаўняя колючая зброя ў выглядзе доўгага дрэўка з вострым металічным наканечнікам; піка.

  2. перан. Пра што-н. высокае, вастраверхае.

    • Далёка за полем узвышалася ў неба чорная дзіда касцёла.

дзік, ✂, м.

Дзікі кабан; вепр.

  • Увосень дзікі ласуюцца жалудамі.

|| прым. дзічыны, ✂.