Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

этажэ́рка, -і, ДМ -рцы, мн. -і, -рак, ж.

Прадмет мэблі ў выглядзе некалькіх паліц, размешчаных адна над адной на стойках.

|| прым. этажэ́рачны, -ая, -ае (да 1 знач.).

этало́гія, -і, ж.

Навука аб паводзінах жывёл у натуральных умовах.

|| прым. эталагі́чны, -ая, -ае.

этало́н, -а, мн. -ы, -аў, м.

1. Дакладны ўзор устаноўленай адзінкі вымярэння, сама такая дакладная мера.

2. перан. Узор, стандарт для параўнання з чым-н. (кніжн.).

Быць эталонам для каго-н.

|| прым. этало́нны, -ая, -ае.

эта́п, -у, мн. -ы, -аў, м.

1. Асобны момант, стадыя якога-н. працэсу.

Новы э. развіцця.

Новы э. будаўніцтва горада.

2. Пункт на шляху руху войск, дзе ваеннаслужачыя забяспечваюцца харчамі, фуражом, начлегам.

3. Пункт для начлегу на шляху партый арыштантаў, а таксама маршрут іх руху да месца ссылкі і сама група, партыя арыштантаў.

4. Асобная частка шляху, а таксама (спец.) пэўны адрэзак дыстанцыі ў спартыўных спаборніцтвах.

Этапы велагонкі.

Па этапе або этапам — пад канвоем (пра спосаб перасылкі арыштантаў).

Пройдзены этап — пра тое, што зроблена, засталося ў мінулым.

|| прым. эта́пны, -ая, -ае.

этна...

Першая састаўная частка складаных слоў са знач.: які мае адносіны да народа, напр.: этнадэмаграфія, этнакультуразнаўчы, этналінгвістыка, этнамоўны, этнамузыказнаўства, этнапсіхалогія, этнасацыялогія.

этнагеагра́фія, -і, ж.

Навуковая дысцыпліна, што знаходзіцца на стыку этнаграфіі з геаграфіяй і вывучае размяшчэнне этнічных супольнасцей, асаблівасці іх рассялення і тэрытарыяльных узаемаадносін у цеснай залежнасці ад сацыяльна-эканамічных, палітычных, прыродных і іншых фактараў.

|| прым. этнагеаграфі́чны, -ая, -ае.

этнагене́з, -у, м. (спец.).

Паходжанне народаў.

Э. славян.

|| прым. этнагенеты́чны, -ая, -ае.

этнагра́фія, -і, ж.

1. Навука, якая вывучае матэрыяльную і духоўную культуру народаў.

2. Асаблівасці быту, нораваў, культуры, звычаяў якога-н. народа, народнасці, мясцовасці і пад.

Э. палескага краю.

|| прым. этнаграфі́чны, -ая, -ае.

этнало́гія, -і, ж.

Навука, якая даследуе народы, іх паходжанне (этнагенез), рассяленне, побыт і культуру; этнаграфія (у 1 знач.).

|| прым. этналагі́чны, -ая, -ае.

этнані́міка, -і, ДМ -міцы, ж.

Раздзел анамастыкі, які вывучае назвы нацый, народаў, народнасцей, плямёнаў і г.д.

|| прым. этнанімі́чны, -ая, -ае.