Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

тэндэнцы́йны, -ая, -ае.

1. Які праводзіць пэўную тэндэнцыю (у 1 знач.).

2. Прадузяты, неаб’ектыўны.

|| наз. тэндэнцы́йнасць, -і, ж.

тэндэ́нцыя, -і, мн. -і, -цый, ж.

1. Напрамак развіцця культуры, грамадства, эканомікі і пад.

Дэмакратычныя тэндэнцыі.

2. Асноўная думка, ідэя, накіраванасць якога-н. твора, выказвання і пад.

3. Прадузятая аднабаковая думка, якая навязваецца чытачу, гледачу, слухачу.

тэ́нзар, -а, мн. -ы, -аў, м.

У матэматыцы: велічыня, якая валодае кампанентамі ў кожнай з мноства сістэм каардынат, прычым кампаненты пераўтвараюцца па пэўным законе пры пераходзе ад адной сістэмы каардынат да другой.

|| прым. тэ́нзарны, -ая, -ае.

Тэнзарнае вылічэнне.

тэ́ніс, -а, м.

Спартыўная гульня з ракеткамі і мячыкам, які перакідваецца цераз сетку, што раздзяляе пляцоўку-корт.

|| прым. тэ́нісны, -ая, -ае.

тэнісі́ст, -а, М -сце, мн. -ы, -аў, м.

Ігрок у тэніс.

|| ж. тэнісі́стка, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так.

тэ́ніска, -і, ДМ -нісцы, мн. -і, -сак, ж.

Сарочка з кароткімі рукавамі, звычайна трыкатажная.

тэнт, -а, М -нце, мн. -ы, -аў, м.

Парусінавая стрэшка, якая засцерагае ад сонца, дажджу.

тэо́лаг, -а, мн. -і, -аў, м.

Спецыяліст у галіне тэалогіі; багаслоў.

тэо́рыя, -і, мн. -і, -рый, ж.

1. Вучэнне, сістэма навуковых прынцыпаў, ідэй, якія абагульняюць практычны вопыт і адлюстроўваюць заканамернасці развіцця прыроды, грамадства, мыслення.

Т. пазнання.

2. Сукупнасць абагульненых палажэнняў, што ўтвараюць навуку або раздзел якой-н. навукі, а таксама сукупнасць правіл у галіне якога-н. майстэрства.

Лінгвістычная т.

Т. шахматнай гульні.

3. Думка, погляды, меркаванні аб чым-н., якія склаліся ў каго-н. (разм.).

У яго свая т. наконт гэтага пытання.

|| прым. тэарэты́чны, -ая, -ае (да 1 і 2 знач.).

Тэарэтычнае мовазнаўства.

тэ́паць, -аю, -аеш, -ае; незак. (разм.).

1. Ісці, робячы частыя крокі.

2. Ісці, хадзіць наогул.

Нехта тэпае па двары.

3. Пра дзяцей: пачынаць хадзіць, хадзіць няўпэўнена.

Хлопчык ужо пачынае т.

|| наз. тэ́панне, -я, н.